MAP

Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі віцэ-прэзідэнта ЗША

Папа Леў XIV прыняў на аўдыенцыі віцэ-прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі, Джэймса Дэвіда Вэнса. Сустрэча адбылася 19 мая 2025 года ў Апостальскім палацы Ватыкана.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што пасля аўдыенцыі палітык сустрэўся з арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, Сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

“Падчас сардэчнай размовы ў Дзяржаўным сакратарыяце была пацверджана задаволенасць добрымі двухбаковымі адносінамі, абмяркоўвалася супрацоўніцтва паміж Касцёлам і дзяржавай, а таксама шэраг пытанняў, што маюць асаблівае значэнне для касцёльнага жыцця і рэлігійнай свабоды”, - гаворыцца ў афіцыйным камюніке.

Адзначаецца, што таксама адбыўся абмен меркаваннямі адносна “некаторых актуальных міжнародных праблем, у прыватнасці была падкрэслена неабходнасць павагі да гуманітарнага і міжнароднага права ў зонах канфліктаў і пошуку ўзгодненага рашэння паміж зацікаўленымі бакамі”.

У склад афіцыйнай дэлегацыі, якая наведала Ватыкан, уваходзіў таксама Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа. Разам з палітыкамі на аўдыенцыі ў Святога Айца быў яго старэйшы брат Луіс Прэвост.

 

19 мая 2025, 10:08