Леў XIV абмеркаваў з біскупамі выклікі Еўропы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пантыфік прыняў іерархаў з краін ЕС на прыватнай аўдыенцыі, якая 23 мая 2025 года прайшла ў Ватыкане. Папа ў першую чаргу хацеў выслухаць, не даючы канкрэтных указанняў на цяперашнім этапе, - падкрэсліў пасля сустрэчы біскуп Марыяна Крачата, старшыня COMECE.
Падчас аўдыенцыі абмяркоўваліся праблемы, звязаныя з вайной ва Украіне, якая асаблівым чынам клапоціць еўрапейскія краіны. “Мы не ўдаваліся ў падрабязнасці, але ўсе мы спыніліся на неабходнасці як мага хутчэй дасягнуць справядлівага міру. Раўнавага паміж мірам і справядлівасцю мае фундаментальнае значэнне”, - адзначыў арцыбіскуп Антуан Эруар, віцэ-старшыня арганізацыі.
Іерарх падкрэсліў, што падчас сустрэчы закраналіся таксама сацыяльныя і эканамічныя наступствы вайны для жыцця людзей. Пантыфік выказаў занепакоенасць тым, што скіраванне вялікіх сродкаў на ўзбраенне можа прывесці да скарачэння дапамогі тым, хто пакутуе або жыве ў цяжкіх умовах, - дадаў французскі іерарх.
Літоўскі біскуп Рымантас Нарвіла, іншы віцэ-старшыня COMECE, звярнуў увагу на важнасць намаганняў усіх еўрапейскіх краін дзеля дасягнення міру ва Украіне. “Еўрапейскі саюз узнік як мірны праект пасля Другой сусветнай вайны. Спыненне гэтай вайны з’яўляецца вялікай і найважнейшай задачай ЕС”, - сцвердзіў іерарх.
Падчас аўдыенцыі біскупы згадвалі таксама пра прысутнасць у Еўропе папулісцкіх сілаў, якія ідуць у кірунку, супрацьлеглым курсу Еўрапейскага саюза. Гаворачы пра міргацыю, падкрэслівалася важнасць пошуку раўнавагі паміж магчымасцю прымаць мігрантаў у еўрапейскія краіны і здольнасцю іх інтэграваць.
З аднаго боку, “існуе патрэба Еўропы прымаць мігрантаў, у тым ліку дзеля супрацьдзеяння дэмаграфічнаму спаду”, з іншага ж – відавочная “пэўная няздольнасць інтэграваць тых, хто прыбывае да нашых межаў”, - адзначыў партугальскі біскуп Нуну Брас да Сілва Марцінс, яшчэ адзін член прэзідыума COMECE.
Іншыя тэмы, закранутыя падчас аўдыенцыі – душпастырскае суправаджэнне моладзі, перадача веры ў сям’і, рэлігійная свабода, выклікі штучнага інтэлекту, звязаныя з дэзынфармацыяй, павагай да годнасці чалавека, канфідэнцыйнасцю, тоеснасцю і свабодай асобы, а таксама яго ўплывам на сферу працы.
Біскупы з паўночных рэгіёнаў Еўропы расказалі Папу пра трывожную тэндэнцыю: людзі просяць выкрасліць свае імёны з касцёльных метрык, абвінавачваючы бацькоў у навязаным ім выбары веры і спасылаючыся на права на абарону персанальных даных.