Трэнер з Рыма распазнаў у сваім былым кліенце Папу Льва XIV
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Ніхто ў спортзале не ведаў, што “Роберт” – гэта кардынал. Сам Масэла зразумеў гэта, калі 8 мая 2025 года ўбачыў, як яго кліент выйшаў на лоджыю благаслаўленняў Базілікі Святога Пятра ў якасці новага Пантыфіка.
“Я не паверыў. Я трэніраваў будучага Папу”, - сказаў 26-гадовы італьянец, дадаўшы: “Гэта неверагодна, але для мяне ён быў такім жа кліентам, як і ўсе іншыя, і паводзіў сябе як звычайны наведвальнік спартыўнай залы”.
Паводле трэнера, новы Пантыфік трэніраваўся “даволі рэгулярна” – два, часам тры разы на тыдзень – і знаходзіцца ў выдатнай спартыўнай форме, уласцівай чалавеку, які ніколі не пераставаў займацца спортам.
“Мы часам размаўлялі, і ён расказваў, што ў дзяцінстве шмат займаўся спортам і захапляўся рознымі дысцыплінамі”, - дадаў Масэла, прызнаючыся, што ніколі не лічыў свайго былога кліента кардыналам: “Я думаў, што ён прафесар, акадэмік ці нешта ў гэтым родзе”.
Паводле спартыўнага інструктара, “Роберт” заўсёды быў стрыманым. “Ён заўсёды быў добразычлівым, ніколі не нерваваўся і не зліўся. Па-сапраўднаму спакойны і ўраўнаважаны чалавек”, - ахарактарызаваў Пантыфіка Валерыа Масэла.