MAP

Леў XIV Леў XIV  (AFP or licensors)

Першыя кнігі-біяграфіі Льва XIV ужо ў канцы мая

Ужо ў канцы мая на нямецкім кніжным рынку з'явіцца першая кніга пра абранага Пантыфіка пад назвай "Леў XIV – новы Папа", аўтарам якой з'яўляецца аўстрыйскі езуіт Андрэас Бэтлаг.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Нямецкі выдавец Мануэль Хэрдэр з Фрайбурга паведаміў аўстрыйскаму каталіцкаму агенцтву “Kathpress” пра хуткі выхад біяграфіі новага Папы. "Мы падрыхтавалі ўсё, каб стаць першым выдавецтвам у свеце, якое апублікуе біяграфію новага Папы," - патлумачыў ён.

Кніга-біяграфія будзе даступная для нямецкамоўных чытачоў ужо ў канцы мая. Варта адзначыць, што выдавецтва “Herder” мае вопыт у публікацыі біяграфій Пантыфікаў. У 2019 годзе яны выдалі кнігу гісторыка Касцёла Ёрга Эрнэсці пра цёзку новага Папы – Льва XIII (1878-1903), які ўвайшоў у гісторыю як аўтар першай сацыяльнай энцыклікі "Rerum novarum" 1891 года.

Як адзначае Мануэль Хэрдэр, шмат што ўказвае на тое, што новы Пантыфік часткова натхняецца сваім папярэднікам Львом XIII, што надае дадатковую вартасць гэтаму выданню.

На 10 чэрвеня 2025 года запланаваны выхад яшчэ адной кнігі пра Льва XIV ад нямецкай выдавецкай групы “Patmos”. Кніга пад назвай "Леў XIV. Хто ён – як ён думае – што чакае яго і нас" будзе ўяўляць сабой уводзіны ў думкі першага ў гісторыі Папы, які паходзіць са Злучаных Штатаў Амерыкі.

Аўтарам гэтай публікацыі з'яўляецца Штэфан фон Кемпіс, кіраўнік нямецкай рэдакцыі “Ватыканскага радыё - Vatican News”, які дзякуючы свайму шматгадоваму досведу працы ў Ватыкане зможа прапанаваць глыбокі аналіз асобы і планаў новага Пантыфіка.

Выхад нямецкамоўных кніг пра Папу Льва XIV сведчыць пра вялікую цікавасць да першага ў гісторыі Папы са Злучаных Штатаў і імкненне выдаўцоў аператыўна рэагаваць на запыты вернікаў і ўсіх, хто цікавіцца жыццём Каталіцкага Касцёла.
 

12 мая 2025, 09:24