Папская малітоўная інтэнцыя на май: аб годнай працы для ўсіх
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“У штогадовай публікацыі малітоўных інтэнцый на 2025 год Папа Францішак заклікае нас у маі маліцца аб добрых умовах працы. Сусветная сетка малітвы пакладае ў рукі Пана місію новага Папы і працягвае сваю апостальскую задачу, давяраючы Богу выклікі чалавецтва і місію Касцёла. У гэтым месяцы мы натхнімся словамі трох апошніх Папаў: Францішка, Бэнэдыкта XVI і святога Яна Паўла ІІ”, - такімі словамі пачынаецца відэаролік, апублікаваны 5 мая 2025 года.
У ім прыгадваюцца словы, якія Папа Францішка сказаў падчас адной з агульных аўдыенцый ў 2022 годзе: “Евангелісты Мацвей і Марк назвалі Юзафа цесляром ці сталяром. Езус займаўся рамяством бацькі – працай дастаткова цяжкай. З эканамічнага пункту гледжання яна не прыносіла вялікага прыбытку. Гэты факт з біяграфій Юзафа і Езуса прымушае задумацца пра ўсіх працаўнікоў свету... Праца – дадаваў Папа Францішак, – гэта намашчэнне годнасцю. Годнасць не ў тым, каб прыносіць хлеб дамоў, а ў тым, каб зарабляць на гэты хлеб”.
Адзначаецца, што таксама і Папа Бэнэдыкт XVI, звяртаючыся да працаўнікоў на свята святога Юзафа ў 2006 годзе, падкрэсліваў: “Праца мае вырашальнае значэнне для самарэалізацыі чалавека і развіцця грамадства. Таму неабходна, каб яна заўсёды была належным чынам арганізаваная і выконвалася з поўнай павагай да годнасці чалавека і ў служэнні агульнаму дабру. Але разам з тым, чалавек не павінен станавіцца нявольнікам працы, не павінен рабіць з яе ідала, імкнучыся знайсці ў ёй найвышэйшы і канчатковы сэнс жыцця”.
Папская сусветная сетка малітвы нагадала словы Яна Паўла ІІ, прамоўлены з нагоды святкавання Юбілею працаўнікоў у 2000 годзе: “Юбілейны год заахвочвае нас нанава адкрыць сэнс і каштоўнасць працы. Ён таксама заклікае ліквідаваць эканамічны і сацыяльны дысбаланс, які існуе ў свеце працы, і аднавіць правільную іерархію каштоўнасцяў, у якой на першым месцы стаіць годнасць працаўнікоў, іх свабода, адказнасць і ўдзел”. Ян Павел ІІ заклікаў “выпраўляць сітуацыі несправядлівасці” і не забываць пра “тых, хто пакутуе аб беспрацоўя, недастатковага заробку і недахопу матэрыяльных сродкаў”, - падкрэсліваецца ў відэароліку.
“Молімся, каб дзякуючы працы кожны чалавек мог самарэалізавацца, каб сем’і мелі годнае ўтрыманне, а грамадства станавілася больш гуманным”, - гучыць малітоўная інтэнцыя на май.