Папамабіль Францішка пераўтвораць у мабільны шпіталь для Газы
Марыя Валодзіна - Vatican News
Місія Францішка на карысць міру працягваецца нават пасля яго смерці. Папскі аўтамабіль, той самы, з якога ён вітаў мільёны вернікаў на Плошчы Святога Пятра, ператворыцца ў мабільны шпіталь для дзяцей Газы. Ініцыятыва была даручана "Карытас" Іерусаліма.
Рашэнне перадаць аўтамабіль у Газу стала апошнім жэстам салідарнасці Пантыфіка з тымі, да каго ён адчуваў блізкасць на працягу ўсяго свайго пантыфікату і асабліва ў апошнія гады. У выніку жахлівай вайны і цяжкага гуманітарнага крызісу амаль мільён дзяцей Сектара Газа былі вымушаны пакінуць свае дамы, а медыцынская сістэма амаль цалкам разбурана.
Папамабіль будзе абсталяваны медыцынскімі прыладамі, неабходным для дыягностыкі, абследавання і лячэння дзяцей: экспрэс-тэстамі на інфекцыі, дыягнастычнымі інструментамі, вакцынамі, наборамі для накладання швоў і іншымі жыццёва важнымі сродкамі.
Мабільная клініка дазволіць аказваць дапамогу дзецям у самых аддаленых кутках Сектара Газа, як толькі гуманітарны доступ будзе адноўлены.
"Гэта не проста транспартны сродак, гэта сігнал аб тым, што свет не забыўся пра дзяцей Сектара Газа", - лічыць прадстаўнік "Карытас" Пітэр Брунэ.