80 гадоў пасля Другой сусветнай: Папа заклікае да міру
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас традыцыйнай нядзельнай малітвы "Уладарка Неба" 11 траўня 2025 года Папа Леў XIV нагадаў, што 80 гадоў таму, 8 мая, скончылася "велізарная трагедыя Другой сусветнай вайны, якая забрала жыцці 60 мільёнаў ахвяр".
Святы Айцец параўнаў гістарычную трагедыю з сённяшнім драматычным сцэнарыем, называючы бягучую сітуацыю, як і яго папярэднік Папа Францішак, "трэцяй фрагментарнай сусветнай вайной".
Зрабіць усё магчымае для справядлівага і трывалага міру
"Нашу ў сваім сэрцы пакуты дарагога ўкраінскага народа, трэба зрабіць усё магчымае, каб як мага хутчэй дасягнуць сапраўднага, справядлівага і трывалага міру", - падкрэсліў Пантыфік. Ён таксама заклікаў вызваліць усіх палонных і вярнуць дзяцей у іх сем'і.
Гаворачы пра сітуацыю на Блізкім Усходзе, Папа выказаў глыбокі боль за тое, што адбываецца ў Сектары Газа. "Неадкладна спыніць агонь! Аказаць гуманітарную дапамогу знясіленаму грамадзянскаму насельніцтву і вызваліць усіх заложнікаў", - заклікаў Леў XIV.
Колькі яшчэ канфліктаў у свеце!
У той жа час Святы Айцец з задавальненнем прыняў навіну аб спыненні агню паміж Індыяй і Пакістанам, выказваючы надзею на тое, што праз будучыя перамовы можна будзе хутка дасягнуць трывалага пагаднення.
"Але колькі яшчэ канфліктаў у свеце! Даручаю Каралеве міру гэты палымяны заклік, каб яна сама прадставіла яго Пану Езусу, каб атрымаць для нас цуд міру", - сказаў Святы Айцец.
Шчаслівага свята ўсім мамам!
Пасля гэтага Пантыфік сардэчна павітаў усіх прысутных на Плошчы Святога Пятра: рымлян і пілігрымаў з розных краін, а таксама ўдзельнікаў дэманстрацыі "Выбіраем жыццё" і маладых людзей з Брацтва Святой Марыі Беззаганнай і Святога Францішка Асізскага з Рэджа-Эміліі.
Напрыканцы Леў XIV згадаў, што ў Італіі і іншых краінах у гэты дзень адзначаецца Дзень маці: "Шлю сардэчнае прывітанне ўсім мамам, з малітвай за іх і за тых, хто ўжо на Нябёсах. Шчаслівага свята ўсім мамам!"