MAP

Святы Айцец сустрэўся з дэлегацыяй “сваёй” перуанскай дыяцэзіі

Сустрэча Папы Льва XIV з дэлегацыяй перуанскай дыяцэзіі Чыклая, у якой ён шмат гадоў служыў місіянерам і біскупам, адбылася 19 мая 2025 года ў Апостальскім палацы Ватыкана.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Каля шасцідзесяці чалавек – некалькі біскупаў, святары, законнікі і законніцы, свецкія вернікі і верніцы, у тым ліку з маленькімі дзецьмі – прыбылі з далёкага Перу, каб наведаць свайго пастыра, пакліканага кіраваць Паўсюдным Касцёлам. Папа прыняў іх паміж аўдыенцыямі для кіраўнікоў дзяржаў, з якімі сустракаўся цягам дня.

Святы Пасад не паведаміў пра дэталі сустрэчы, але з фотаздымкаў, апублікаваных ватыканскай фотаслужбай, можна зрабіць выснову, што яна прайшла ў цёплай, сямейнай атмасферы. Леў XIV паразмаўляў з былой паствай, асабіста прывітаў кожнага члена дэлегацыі і сфатаграфаваўся з імі.

Сустрэча не абышлася без уручэння падарункаў. Госці прывезлі Пантыфіку не толькі даволі традыцыйныя для такіх выпадкаў абразы, кнігі і сувеніры, але таксама пачастункі, сярод якіх можна было заўважыць нават агародніну – магчыма, тую, да якой Святы Айцец прызвычаіўся за гады служэння ў Паўднёвай Амерыцы.

Вернікі дыяцэзіі Чыклая, якія засталіся ў Перу, у гэтыя дні таксама знаходзіліся ў духоўнай еднасці са Святым Айцом. Побач з мясцовым катэдральным касцёлам быў усталяваны вялікі экран, на якім вялася прамая трансляцыя святой Імшы з Ватыкана, якую Леў XIV цэлебраваў 18 мая 2025 года з нагоды інаўгурацыі свайго пантыфікату. Нягледзячы на тое, што ў Перу ў гэты час была глыбокая ноч, раздзяліць радасны момант з Пантыфікам сабраліся тысячы вернікаў разам са сваімі пастырамі. Перад тым як духоўна далучыцца да літургіі, яны правялі малітоўнае чуванне, падчас якога маліліся за Папу.
 

20 мая 2025, 12:31