MAP

Біскуп-намінант Мігель Анхель Кантрэрас Льяхаруна Біскуп-намінант Мігель Анхель Кантрэрас Льяхаруна 

Першае біскупскае прызначэнне Папы: дапаможны біскуп для Перу

Святы Айцец прызначыў айца Мігеля Анхеля Кантрэраса Льяхаруну дапаможным біскупам дыяцэзіі Кальяо ў Перу. Гэта першае біскупскае прызначэнне новага пантыфіката.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

15 мая 2025 года Апостальская Сталіца паведаміла пра прызначэнне дапаможнага біскупа дыяцэзіі Кальяо. Ім стаў 45-гадовы айцец Мігель Анхель Кантрэрас Льяхаруна з Кангрэгацыі Айцоў Марыстаў, які займаў пасаду біскупскага вікарыя па справах кансэкраванага жыцця дыяцэзіі Кальяо.

Шлях адукацыі і служэння

Новапрызначаны іерарх нарадзіўся 5 ліпеня 1979 года ў Кахабамба-Кахамарка. Ён атрымаў філасофскую адукацыю ў Вышэйшым інстытуце тэалагічных даследаванняў Яна XXIII у Ліме і тэалагічную – у Салезіянскім інстытуце ў Гвадалахары. Мае магістэрскія ступені па Святым Пісанні і кіраванні адукацыйнымі працэсамі.

Святарскае пасвячэнне айцец Кантрэрас атрымаў 25 красавіка 2008 года. У яго душпастырскім досведзе – праца прамотарам парафіяльнай школы Сан-Хасэ (2012-2021), пробашчам парафіі Дзевы Марыі Місіянеркі (2015-2022). З 2022 года ён кіруе сеткай парафіяльных школ дыяцэзіі Кальяо і ўзначальвае Паўднёва-Амерыканскую акругу Айцоў Марыстаў.

Сімвалічнае прызначэнне

Гэта першае біскупскае прызначэнне ў пантыфікаце Папы Льва XIV. Асаблівае значэнне мае тое, што яно зроблена для Перу – краіны, з якой Папа мае асабістыя сувязі, дзе ён працаваў на працягу многіх гадоў сваёй місіянерскай дзейнасці.
 

15 мая 2025, 12:04