Пантыфік: працаваць дзеля экалагічнай і сацыяльнай справядлівасці
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пантыфік накіраваў відэазварот да ўдзельнікаў Кангрэсу Універсітэцкай сеткі па клопаце аб агульным доме, які 20-24 мая 2025 года праходзіць у Папскім каталіцкім універсітэце Рыа-дэ-Жанейра (Бразілія). Падзея прысвечана дзясятай гадавіне энцыклікі “Laudato si'”.
“Дарагія браты і сёстры! Я жадаю накіраваць гэтае сардэчнае прывітанне да ўдзельнікаў Сеткі ўніверсітэтаў, якія клапоцяцца аб нашым агульным доме. Я ведаю, што вы сабраліся ў Папскім каталіцкім універсітэце Рыа-дэ-Жанейра і што вас аб'ядноўвае цудоўная падзея – дзясятая гадавіна энцыклікі "Laudato si' Папы Францішка”, - такімі словамі распачаў свой зварот Леў XIV.
Пантыфік заўважыў, што мерапрыемства праходзіць у кантэксце падрыхтоўкі да міжнароднай канферэнцыі па клімату COP-30. Удзельнікі разважаюць над тым, як ураўнаважыць фінансавыя і экалагічныя даўгі краін. З гэтай прапановай выступіў Папа Францішак у пасланні на Сусветны дзень міру. “У гэты Юбілейны год – Год надзеі – гэта пасланне асабліва важнаe”, - адзначыў Леў XIV.
Святы Айцец звярнуўся да рэктараў універсітэтаў са словамі падтрымкі ў выкананні місіі будавання мастоў паміж Амерыкамі і Пірэнейскім паўвостравам, працуючы ў імя экалагічнай і сацыяльнай справядлівасці. “Дзякую вам за вашы намаганні і працу. Заклікаю вас працягваць будаваць масты”, - сказаў ён перад тым, як удзяліць удзельнікам ініцыятывы сваё благаслаўленне. “Няхай благаслаўленне Усемагутнага Бога, Айца, Сына і Святога Духа, сыйдзе на вас і будзе з вамі заўсёды. Амэн”, - пажадаў Леў XIV.