Папа: не забываць пра братоў і сясцёр, якія пакутуюць ад войнаў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Напрыканцы гэтай урачыстасці шчыра вітаю вас усіх і дзякую вам, жыхары Рыма і вернікі з розных частак свету, якія пажадалі прыняць у ёй удзел!”, - сказаў Пантыфік, выказваючы асаблівую ўдзячнасць афіцыйным дэлегацыям з многіх краін, а таксама прадстаўнікам Цэркваў, рэлігійных супольнасцяў і іншых рэлігій.
Леў XIV прывітаў таксама тысячы пілігрымаў, што прыбылі ў Рым з усіх кантынентаў з нагоды Юбілею Братэрстваў. “Дзякую вам за захаванне гэтага вялікага скарбу народнай набожнасці!”, - сказаў ён.
“Падчас святой Імшы я моцна адчуваў духоўную прысутнасць Папы Францішка, які суправаджае нас з Неба. У гэтым вымярэнні лучнасці святых хачу нагадаць, што ўчора ў Шамбэры ў Францыі быў беатыфікаваны ксёндз Каміль Коста дэ Борэгар, які жыў на мяжы XIX і XX стагоддзяў – сведка вялікай пастырскай любові”, - адзначыў Святы Айцец.
“Застаючыся ў радасці веры і ў еднасці, мы не можам забываць пра братоў і сясцёр, якія пакутуюць ад войнаў. У Газе дзеці, сем’і і пажылыя людзі, што выжылі, асуджаныя на голад. У М’янме новыя баі адабралі жыццё ў маладых і нявінных. Змучаная Украіна з надзеяй чакае перамоў дзеля справядлівага і трывалага міру”, - сказаў Папа.
“Таму, давяраючы Марыі служэнне Біскупа Рыма, Пастыра Паўсюднага Касцёла, з “чоўна Пятра” паглядзім на Яе, Зорку мора, як на знак надзеі. Праз Яе заступніцтва молім аб дары міру, падтрымцы і суцяшэнні для тых, хто пакутуе, і аб ласцы для нас усіх, каб былі сведкамі Уваскрослага Пана”, - заклікаў Леў XIV, пасля чаго заспяваў старажытную малітву “Уладарка Неба” на лацінскай мове.