Папа: моладзі патрэбны сведкі негвалтоўнага ладу жыцця
Аляксандр Панчанка - Vatican News
30 мая 2025 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі прадстаўнікоў рухаў і асацыяцый, па ініцыятыве якіх год таму ў італьянскай Вероне з удзелам Папы Францішка прайшла вялікая сустрэча “Арэна міру”.
“З гэтай нагоды Папа падкрэсліваў, што будаванне міру пачынаецца з таго, каб стаць на бок ахвяр, падзяляючы іх погляд. Гэты падыход з’яўляецца істотным для таго, каб абяззброіць сэрцы, позіркі, думкі і выкрыць несправядлівасць сістэмы, якая забівае і заснавана на культуры адчужэння”, - нагадаў у сваёй прамове Пантыфік.
“Мы не можам забыць пра смелыя абдымкі паміж ізраільцянінам Маозам Інонам, бацькоў якога забіў Хамас, і палесцінцам Азізам Сарахам, чый брат быў забіты ізраільскім войскам, і якія цяпер з’яўляюцца сябрамі і супрацоўнікамі: гэты жэст застаецца сведчаннем і знакам надзеі. І мы дзякуем ім за тое, што яны пажадалі быць прысутнымі і сёння”, - дадаў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што шлях да міру патрабуе сэрцаў і розумаў, выхаваных у духу павагі да іншых і здольных распазнаваць агульнае дабро ў сучасным кантэксце. “Шлях да міру – гэта шлях супольны, які пралягае праз клопат пра справядлівыя адносіны паміж усімі людзьмі. Мір, як сцвярджаў Ян Павел ІІ, гэта непадзельнае дабро: ён або належыць усім, або нікому”, - нагадаў Леў XIV, падкрэсліўшы, што для здабыцця міру патрэбна дзейнасць на карысць агульнага дабра.
Пантыфік адзначыў, што ў нашу эпоху, “пазначаную хуткасцю і імгненнасцю”, трэба “зноў адкрыць для сябе павольны рытм, неабходны для таго, каб гэтыя працэсы маглі адбывацца”. Ён таксама падкрэсліў каштоўнасць мірных ініцыятыў “знізу”, якія прадстаўляюць рухі і асацыяцыі, прысутныя на аўдыенцыі.
“Дарагія браты і сёстры, у свеце, у нашых грамадствах занадта шмат гвалту. Перад абліччам войнаў, тэрарызму, гандлю людзьмі, агрэсіі, якая распаўсюджваецца, дзеці і моладзь маюць патрэбу ў вопыце, які вучыць культуры жыцця, дыялогу, узаемнай павазе. А найперш – у сведках іншага, негвалтоўнага ладу жыцця”, - падкрэсліў Святы Айцец.
“Таму, як на мясцовым і штодзённым узроўні, так і на глабальным, калі тыя, хто пацярпеў ад несправядлівасці і гвалту, здольныя супрацьстаяць спакусе помсты, яны становяцца самымі пераканаўчымі дзеячамі негвалтоўных працэсаў будавання міру. Ненасілле як метад і як стыль павінна пранікаць у нашы рашэнні, адносіны і дзеянні”, - дадаў Папа.
Леў XIV адзначыў каштоўнасць Евангелля і сацыяльнага вучэння Касцёла як надзейнага компаса ў імкненні да міру для ўсіх, бо “гаворка ідзе пра заданне, даручанае кожнаму – вернікам і няверуючым”.
Святы Айцец заклікаў сваіх гасцей быць закваскай адзінства, еднасці і братэрства ў “цесце” гісторыі. “Братэрства мае патрэбу ў тым, каб яго адкрылі, палюбілі, перажылі, абвяшчалі і сведчылі з даверлівай надзеяй на тое, што яно магчыма дзякуючы любові Бога, “якая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам”, - сказаў на завяршэнне прамовы Папа.