MAP

Папа Леў XIV падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа Леў XIV падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане  (@Vatican Media)

Пантыфік: маліцца за мір у краінах, якія пакутуюць ад вайны

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 28 мая 2025 года ў Ватыкане, Папа Леў XIV заклікаў да міру ва Украіне і Святой Зямлі і нагадаў пра пакуты мірнага насельніцтва, што церпіць ад бамбардзіровак.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“У гэтыя дні мае думкі скіраваныя да ўкраінскага народа, які пакутуе ад новых магутных удараў па грамадзянскім насельніцтве і інфраструктуры. Запэўніваю ў маёй блізкасці і малітве за ўсіх ахвяр, асабліва за дзяцей і сем’і. Рашуча паўтараю заклік спыніць вайну і падтрымаць кожную ініцыятыву на карысць дыялогу і міру. Прашу ўсіх з’яднацца ў малітве за мір ва Украіне і паўсюль, дзе людзі пакутуюць ад вайны”, - сказаў Папа.

Затым Леў XIV звярнуў увагу на трагічныя падзеі на Блізкім Усходзе. “З Сектара Газа ўсё мацней узносіцца да неба плач маці і татаў, якія прыціскаюць да сябе бездыханыя целы сваіх дзяцей і вымушаныя пастаянна перамяшчацца ў пошуках хоць бы малой колькасці ежы і больш надзейнага сховішча ад бамбардзіровак. Зноў звяртаюся да адказных з заклікам спыніць агонь, вызваліць усіх заложнікаў і цалкам паважаць гуманітарнае права. Марыя, Каралева супакою, маліся за нас”, - завяршыў зварот Папа.
 

28 мая 2025, 11:19