MAP

Папа Леў XIV: пачуць галасы бедных

У свеце расце запатрабаванне на сацыяльнае вучэнне Касцёла, і мы павінны адгукнуцца на яго, - адзначыў Папа ў сваёй прамове да прадстаўнікоў Фонду “Centesimus Annus Pro Pontifice”.

Марыя Валодзіна - Vatican News

17 мая 2025 года Леў XIV сустрэўся з удзельнікамі Міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай пераадоленню палярызацыі і аднаўленню этыкі глабальнага кіравання. Мерапрыемства, арганізаванае Фондам “Centesimus Annus Pro Pontifice”, праходзіць у Папскім патрыстычным інстытуце “Аўгустыніянум”.

У сваёй прамове Пантыфік адзначыў, што тэма форума нагадвае пра важнасць сацыяльнага вучэння Касцёла як інструмента дыялогу, міру і будаўніцтва мастоў усеагульнага братэрства.

Святы Айцец нагадаў пра погляды сваіх папярэднікаў. Папа Леў XIII, які жыў у эпоху глыбокіх перамен, імкнуўся спрыяць міру, заахвочваючы сацыяльны дыялог “паміж капіталам і працоўнымі, тэхналогіямі і чалавечым розумам, а таксама паміж рознымі палітычнымі культурамі і народамі”. Папа Францішак характарызаваў сучасную сітуацыю ў свеце як “палікрызіс”, які сплятаецца з войнаў, змены клімату, беднасці і няроўнасці, эпідэмій, вымушанай міграцыі і разбуральных тэхналагічных інавацый. Перад абліччам гэтых выклікаў сацыяльнае вучэнне Касцёла павінна спрыяць дыялогу і міру.

Леў XIV заклікаў удзельнікаў канферэнцыі будаваць "культуру сустрэчы" праз дыялог і сацыяльнае сяброўства. Ён падкрэсліў, што ў выпадку з сацыяльным вучэннем Касцёла слова "вучэнне", ці “дактрына”, – гэта сінонім такіх слоў, як “навука”, “дысцыпліна” і “веды”. Гэта не ідэалогія, а плён даследаванняў, а значыць, гіпотэз, дыскусій і міждысцыплінарнага пошуку праўды. У адрозненне ад індактрынацыі, якая душыць крытычнае мысленне, дактрына імкнецца навучыць “сур’ёзнаму, строгаму і спакойнаму” падыходу да праблем і людзей, дапамагае прымаць мудрыя і ўзважаныя рашэнні перад тварам складанасцяў.

Пантыфік звярнуў увагу на важнасць навучання крытычнаму мысленню ў эпоху лічбавай рэвалюцыі і фэйкавых навін. Ён заклікаў слухаць галасы бедных, якія з’яўляюцца скарбам Касцёла і чалавецтва. Іх погляды “маюць вырашальнае значэнне, калі мы хочам убачыць свет вачыма Бога”, - сцвердзіў Леў XIV, дадаючы, што людзі, адданыя паляпшэнню грамадства, народныя рухі і каталіцкія працоўныя аб’яднанні – гэта выражэнне тых экзістэнцыяльных перыферый, дзе жыве і адраджаецца надзея.

Папа заклікаў усіх прысутных актыўна ўдзельнічаць у развіцці сацыяльнага вучэння Касцёла, “слухаючы ўсіх і ўступаючы ў дыялог з кожным”, а таксама адгукнуцца на сучасную тугу па справядлівасці і духоўнасці, асабліва сярод моладзі і маргіналізаваных груп, якія не заўсёды могуць выказаць свае патрэбы. “Расце запатрабаванне на сацыяльнае вучэнне Касцёла, і мы павінны даць на яго адказ”, - заключыў Леў XIV.

17 мая 2025, 11:55