Папа Леў XIV інтранізаваны на Рымскую Кафедру
Vatican News
Ва ўрачыстым абрадзе ўступлення Пантыфіка на Рымскую Кафедру прынялі ўдзел кардыналы, у тым ліку вікарый Рымскай дыяцэзіі Бальдасарэ Рэйна, біскупы, святары і сотні вернікаў. Папа ўзышоў на кафедру пад працяглыя апладысменты, афіцыйна распачаўшы сваё біскупскае служэнне як пастыр рымлян. У гаміліі ён заявіў, што прыступае да гэтай дзейнасці з жаданнем і гатоўнасцю, “імкнучыся, настолькі, наколькі магчыма, слухаць усіх, каб вучыцца, разумець і прымаць рашэнні разам”.
Пяшчота, гатоўнасць ахвяраваць сабой, слуханне
Біскуп Рыма нагадаў пра такія неабходныя для Касцёла якасці, як пяшчота, гатоўнасць служыць людзям і ўменне слухаць. “Пяшчота, гатоўнасць ахвяраваць сабой і здольнасць слухаць, якая дазваляе не толькі дапамагаць, але і прадбачыць патрэбы людзей – гэта тыя рысы, якія павінны расці ў Божым народзе, у тым ліку і тут, у нашай вялікай дыяцэзіяльнай сям’і – сярод вернікаў, пастыраў, і перш за ўсё ўва мне”, - зазначыў ён.
Няпросты шлях дыяцэзіі
Разважаючы над евангельскім урыўкам, у якім гаворка ідзе пра адкрытасць супольнасці Антыёхіі да язычнікаў, Пантыфік падкрэсліў, што “супольнасць будуецца найперш на каленях, у малітве, няспынным навяртанні” і слуханні. Ён згадаў “няпросты шлях” Рымскай дыяцэзіі, заснаваны на слуханні навакольнага свету, каб прыняць яго выклікі, і слуханні касцёльнай супольнасці, каб зразумець патрэбы і распрацаваць прароцкія ініцыятывы евангелізацыі і міласэрнасці.
Рым – адкрыты і гасцінны дом
Папа падкрэсліў важнасць падрыхтоўкі да Юбілею, гатоўнасць прымаць пілігрымаў і ролю Рыма як "адкрытага і гасціннага дома" і “асяродка веры”.
Леў XIV падкрэсліў, што ён – такі ж вернік, як і ўсе, але атрымаў місію служыць іншым у якасці пастыра, нагадаўшы словы святога Аўгустына: “Хрысціянін разам з вамі і біскуп для вас”. Ён звярнуўся да вернікаў з просьбай аб падтрымцы: “Дапамажыце мне сумеснымі намаганнямі ў малітве і любові” і працытаваў словы святога Льва Вялікага аб тым, што ўсё дабро, якое здзяйсняецца ў служэнні пастыра, – ад Хрыста, бо без Яго чалавек нічога не можа, і менавіта ад Яго паходзіць уся сіла і плён дзейнасці пастыра.
Словы Яна Паўла І
Напрыканцы гаміліі Папа нагадаў словы благаслаўлёнага Яна Паўла І, з якімі ён 23 верасня 1978 года звярнуўся да сваёй новай дыяцэзіі: “Святы Пій X, уступаючы на пасад Патрыярха Венецыі, сказаў у Базіліцы Святога Марка: ‘Што было б са мною, венецыянцы, калі б я вас не любіў?’. І я кажу рымлянам нешта падобнае: магу запэўніць вас у тым, што люблю вас і жадаю служыць вам і прысвяціць усім мае сціплыя сілы, усё тое нямногае, што я маю і чым з'яўляюся”.
Малітва ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ
Напружаны дзень Біскупа Рыма завяршыўся ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ, дзе яго сустрэлі шматлікія вернікі ў суправаджэнні кардыналаў Станіслава Рылкі і Раландаса Макрыцкаса. Леў XIV памаліўся перад абразом Маці Божай “Salus Populi Romani”, наведаў магілу Францішка і ўдзяліў людзям апостальскае благаслаўленне з лоджыі храма. Хай Бог "благаславіць усіх вас, вашы сем'і, вашых блізкіх і дапаможа нам усім ісці разам, усім Касцёлам, як адна сям'я Божая".