MAP

Папа да святароў: мы не дасканалыя, але павінны быць вартымі даверу

Жыццё святара павінна быць празрыстым, толькі так ён можа быць жывым сведчаннем Хрыста для народа Божага, - з такім наказам звярнуўся Папа да маладых святароў, якія атрымалі пасвячэнне ў Саборы Святога Пятра ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

31 мая 2025 года, у свята Наведзін Найсвяцейшай Панны Марыі, Леў XIV узначаліў у ватыканскай базіліцы Эўхарыстыю з удзяленнем прэзбітэрскіх пасвячэнняў адзінаццаці дыяканам Рымскай дыяцэзіі. У гаміліі ён нагадаў пра першараднае значэнне сувязі святароў з народам Божым.

“Мы – народ Божы”, - падкрэсліў Пантыфік, дадаючы, што Другі Ватыканскі Сабор дапамог усвядоміць гэта глыбей. Бог працягвае яднаць сваіх дзяцей, нягледзячы на іх адрозненні. Ён здзяйсняе гэта ціха, як лёгкі ветрык, які ўсяліў надзею ў прарока Іллю (пар. 1 Цар 19:12). Божая радасць не шумная, але сапраўды змяняе гісторыю і набліжае нас адзін да аднаго. Прыклад такой еднасці і радасці – сустрэча Марыі і Альжбеты, якую Касцёл адзначае ў апошні дзень мая, і з якой нарадзіўся Magnificat.

Езус, нават перад смерцю, не паддаецца страху ці расчараванню з-за парушаных або незавершаных адносін, а, наадварот, умацоўвае гэтыя сувязі з дапамогай Святога Духа. “У малітве яны становяцца мацнейшымі за смерць. Замест таго, каб думаць пра свой асабісты лёс, Езус аддае ў рукі Айца сувязі, якія ён пабудаваў тут, на зямлі. Мы – іх частка!” – сказаў Святы Айцец, дадаючы, што Евангелле, па сутнасці, дайшло да нас праз гэтыя непарушныя сувязі.

Леў XIV заклікаў новых святароў браць прыклад з Езуса: прысвяціць сябе людзям, служыць ім ў рэальным свеце, не ізалявацца, не адчуваць прывілеяванасць, бо, як неаднаразова засцерагаў Папа Францішак, засяроджанасць на сабе можа загасіць полымя місійнага духу.
Папа падкрэсліў, што сутнасць Касцёла – экстравертная, адкрытая на іншых, як жыццё, смерць і ўваскрасенне Езуса. Бог выйшаў да чалавецтва праз Сына, які стаў Яго тлумачэннем, жывым аповедам. "І даў нам моц стаць дзецьмі Божымі. Не шукайце, не шукайма іншай моцы!” - заклікаў ён.

Леў XIV зазначыў, што жэст накладання рук, якім Езус благаслаўляў дзяцей і аздараўляў хворых, паўтараецца падчас святарскага пасвячэння як знак перадачы Святога Духа. Гэты жэст яднае асабістую свабоду святара з місіяй, якую Хрыстус даверыў Касцёлу.

Папа падкрэсліў, што “місія належыць Езусу. Уваскрослы Езус жывы і папярэднічае нам. Ніхто з нас не пакліканы замяніць Яго. Дзень Унебаўшэсця вучыць нас Яго нябачнай прысутнасці. Ён давярае нам, вызваляе для нас месца”, - сказаў Пантыфік, заахвочваючы біскупаў вызваліць месца для новых святароў, а тых – для вернікаў і ўсіх істот, да якіх блізкі Уваскрослы. "Божы народ больш шматлікі за той, што мы бачым. Не будзем вызначаць яго межы”, - дадаў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу на важнасць празрыстасці жыцця. Жыццё святара павінна быць празрыстым, вядомым, зразумелым. Толькі жывучы сярод народа Божага, можна сапраўды быць для яго жывым сведчаннем. “Тады разам мы адновім давер да параненага Касцёла, пасланага да параненага чалавецтва і да параненага стварэння. Мы яшчэ не дасканалыя, але неабходна быць вартымі даверу”, - нагадаў Папа.

Леў XIV падкрэсліў, што любоў Хрыста вызваляе, а не авалодвае. "Мы – дзеці Божыя, няма большага багацця”, - сказаў ён, дадаючы, што калі дзяліцца гэтым багаццем, яно толькі памнажаецца. Жыццё, прысвечанае святарству, набывае глыбокі сэнс, бо святары злучаюць неба і зямлю, - завяршыў Папа сваю гамілію, заклікаючы Маці Божую заступіцца за святароў.

31 мая 2025, 11:54