Папа: зранены свет патрабуе Добрай навіны пра Божую любоў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
22 мая 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі кіраўнікоў і супрацоўнікаў Папскіх місійных ініцыятыў (Pontificie Opere Missionarie), якія прыбылі на Генеральную асамблею сваё арганізацыі ў Рым з больш чым 120 краін свету.
Пантыфік выказаў сваім гасцям падзяку “за адданую працу, якая з’яўляецца незаменным укладам у місіянерскую дзейнасць Касцёла”. “Я магу асабіста пацвердзіць гэта, зыходзячы з уласнага досведу душпастырскага служэння ў Перу”, - сказаў ён у звароце, прамоўлены на англійскай мове.
Папа назваў Ініцыятывы важным сродкам абуджэння “місіянерскай адказнасці сярод усіх ахрышчаных і падтрымкі касцёльных супольнасцяў у рэгіёнах, дзе Касцёл яшчэ малады”. У гэтым кантэксце ён згадаў пра каштоўнасць фармацыйнай, катэхетычнай і адукацыйнай дзейнасці, будаўніцтва новых святынь, працу ў сферах адукацыі і аховы здароўя, якую ажыццяўляюць місійныя таварыствы.
Касцёл павінен станавіцца ўсё больш місіянерскім
“Прасоўванне апостальскага запалу сярод Божага народа застаецца істотным аспектам абнаўлення Касцёла, пра якое марыў Другі Ватыканскі Сабор, і якое сёння становіцца яшчэ больш актуальным. Наш свет, паранены вайной, гвалтам і несправядлівасцю, мае патрэбу ў Добрай навіне пра Божую любоў і спазнанні збаўчай сілы Божай ласкі. У гэтым сэнсе Касцёл ва ўсіх сваіх членах усё мацней пакліканы быць “місіянерскім Касцёлам, які адкрывае свае абдымкі свету... і становіцца закваскай гармоніі для чалавецтва”. Мы пакліканы несці ўсім народам, нават усяму стварэнню, евангельскае абяцанне сапраўднага і трывалага міру, які магчымы, бо, паводле слоў Папы Францішка, “Пан перамог свет і яго пастаянныя канфлікты, “усталяваўшы спакой праз кроў Яго крыжа””, - нагадаў Пантыфік словы Апостальскай адгартацыі “Evangelii Gaudium”.
Клапаціцца пра адзінства і выходзіць па-за межы ўласных парафій
Пантыфік пажадаў, каб Папскія місійныя ініцыятывы захоўвалі фундаментальныя элементы сваёй тоеснасці – адзінства і паўсюднасць. Ён падкрэсліў, што тэма адзінства вельмі блізкая яго сэрцу і адлюстравана ў словах святога Аўгусціна, якія ён выбраў у якасці дэвізу для свайго біскупскага і папскага служэння: “In Illo uno unum” (“У Ім адзіным мы адзіныя”). “Хрыстус – наш Збаўца, і ў Ім мы адно, Божая сям’я, нягледзячы на багацце нашых моў, культур і досведаў”, - сказаў ён.
Святы Айцец адзначыў таксама, што ўсведамленне адзінства адкрывае на “паўсюднае вымярэнне місіі Касцёла і натхняе выходзіць па-за межы ўласных парафій, дыяцэзій, народаў”, каб дзяліцца з усімі невычэрпным багаццем, якое дае пазнанне Езуса. Леў XIV пажадаў, каб члены Папскіх місійных ініцыятываў умацаваліся ў сваім пакліканні “быць закваскай місіянерскага запалу сярод Божага народа”.