MAP

Леў XIV і кардынал Хаймэ Шпэнглер Леў XIV і кардынал Хаймэ Шпэнглер 

Папа да CELAM: далучаць людзей да радасці сустрэчы з Хрыстом

Леў XIV скіраваў пасланне з нагоды 70-годдзя Біскупскай рады Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (CELAM) – арганізацыі, з дзейнасцю якой ён добра знаёмы дзякуючы досведу шматгадовага служэння ў Перу.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“У сучаснай гістарычнай сітуацыі, калі вялікая колькасць людзей пакутуе ад бедстваў і галечы, выкліканых працяглымі крызісамі на кантынентальным і глабальным узроўнях, нам трэба тэрмінова памятаць, што менавіта Уваскрослы, прысутны сярод нас, ахоўвае і вядзе Касцёл, аднаўляючы ў ім надзею праз любоў, якая “вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам” (пар. Рым 5,5)”, - падкрэсліў Папа ў віншавальнай тэлеграме, скіраванай на імя бразільскага кардынала Хаймэ Шпэнглера, арцыбіскупа Порту-Алегры і старшыні біскупскага аб’яднання.

Пантыфік заклікаў горача маліцца, каб Пан “умацаваў Касцёл у яго місіі – ісці насустрач шматлікім братам і сёстрам, каб абвяшчаць ім збаўчую навіну Езуса і далучаць іх да радасці, якая нараджаецца з асабістай сустрэчы з Ім”.

Святы Айцец назваў Біскупскую раду Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна знакам калегіяльнасці і нагадаў, што яна была створана як структура для кантакту, супрацоўніцтва і служэння епіскапатам рэгіёна, і паклікана шукаць рашэнні для актуальных выклікаў згодна з крытэрыямі Святога Пісання, Традыцыі і Настаўніцтва Касцёла.

“Дзякуючы CELAM за служэнне місіянерскаму абуджэнню, якое ён здзяйсняе на гэтай лацінаамерыканскай зямлі, прашу вас маліцца да Добрага Пастыра за мяне, каб я заўсёды быў верны служэнню на карысць Паўсюднага Касцёла, якое Ён пажадаў мне даверыць. І, просячы аб няспыннай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі з Гвадэлупэ, ад усяго сэрца ўдзяляю вам Апостальскае благаслаўленне як задатак багатых нябесных дароў”, - напісаў Папа.
 

29 мая 2025, 08:58