Нагрудны крыж Льва XIV: рэліквіі святога Аўгустына і яго маці Монікі
Марыя Валодзіна - Vatican News
У цэнтры крыжа размешчана рэліквія святога Аўгустына, Айца Касцёла, які вучыў шукаць Бога ў глыбіні душы, разумець Яго Слова з дапамогай веры і розуму, а потым несці яго іншым. Па баках змешчаны яшчэ чатыры рэліквіі: святой Монікі (уверсе), святога Тамаша з Вільянова (злева), благаслаўлёнага Ансельма Паланка (справа) і Слугі Божага Джузэпэ Барталамэа Менокіа (унізе).
Крыж стаў падарункам кардыналу Роберту Прэвосту ад Генеральнай курыі аўгустынцаў 30 верасня 2023 года. Рэліквіі сімвалізуюць чатыры апоры служэння манахаў гэтага ордэна: вернасць, рэформу, служэнне і пакутніцтва.
Святы Аўгустын з'яўляецца духоўным айцом ордэна, заснаванага ў 1244 годзе. Рэліквія святой Монікі, маці Аўгустына, сімвалізуе яе непахісную веру і малітвы за сына, якія прывялі да яго навяртання. Святы Тамаш з Вільянова, арцыбіскуп Валенсіі ў XV-XVI стагоддзях, быў рэфарматарам рэлігійнага жыцця і ў 1550 годзе заснаваў семінарыю, якая дзейнічае і сёння. Благаслаўлёны Ансельм Паланка, біскуп Тэруэля – мучанік часоў іспанскай грамадзянскай вайны 1936-1939 гадоў. Слуга Божы Джузэпэ Барталамэа Менокіа, біскуп Парфірыёна, мужна служыў Касцёлу ў часы напалеонаўскага пераследу.