MAP

Місіянер у Перу: як будучы Папа служыў простым людзям

"Просты чалавек з пасланнем надзеі і імкненнем да міру", - такімі словамі ахарактарызавала новага Пантыфіка сястра Карына Ганзалес, якая ведала яго яшчэ з часу біскупскага служэння ў перуанскай дыяцэзіі Чыклая.

Vatican News

Сястра Грэйс Карына Ганзалес Рыска, з ордэна францішканак Беззаганнага Зачацця, напісала ў ватыканскія СМІ на наступны дзень пасля абрання Папы Льва XIV. Яе сэрца перапаўнялася шчасцем, яна не магла маўчаць.

Манахіня распавяла, што паходзіць з дыяцэзіі Чыклая – той самай, якую Пантыфік прывітаў з лоджыі ватыканскай базілікі ў сваім першым звароце да вернікаў. Гэтыя словы, прамоўленыя па-іспанску, вярнулі сястру Карыну, якая цяпер жыве ў Рыме, разам з сястрамі ў мінулае, у тыя часы, калі яны разам з біскупам Прэвостам служылі ў Перу.

“Мяне кранула тое, што ён узгадаў нашу зямлю. Гэты жэст шмат гаворыць пра чалавека, які па-сапраўднаму любіў свой статак. З сённяшняга дня ён будзе трымаць нас усіх у сваім сэрцы", - напісала сястра Карына.

Біскуп Прэвост у дыяцэзіі Чыклая
Біскуп Прэвост у дыяцэзіі Чыклая

Ліст францішканкі быў занадта прыгожы, каб пакінуць яго без увагі, і таму журналісты Vatican News звязаліся з ёй па тэлефоне. Яна распавяла пра свае слёзы ў момант абвяшчэння "Habemus Papam" і пра "велізарную задачу", да якой яна адчувае сябе пакліканай: маліцца за яго.

Манахіня патлумачыла, што ў дыяцэзіі Чыклая ў францішканак ёсць школа, і што тагачасны біскуп Прэвост заўсёды дапамагаў ім, асабліва ў перыяд Covid-19. "Ён просты чалавек, аўгустынец у сэрцы. У дыяцэзіі яго вельмі любілі. Нам было шкада, калі ён пакінуў нас. Мы адчувалі сябе крыху асірацелымі, але мы ведалі, што ён сапраўды варты задачы, даручанай яму Папам Францішкам", - сказала сястра Карына, маючы на ўвазе пасаду прэфекта Дыкастэрыі па справах біскупаў, якую кардынал Прэвост займаў з 2023 года.

Падчас біскупскага служэння ў Перу
Падчас біскупскага служэння ў Перу

Сястра Карына падзялілася яшчэ адным незабыўным успамінам: у 2023 годзе на Перу абрушыўся Эль-Ніньё з ліўнямі і паводкамі, якія паставілі на калені сельскую гаспадарку і не толькі. Біскуп Прэвост жадаў дапамагчы старым, якія засталіся без даху над галавой, і дзецям, якія страцілі ўсё. "Ён сеў на каня і верхам адправіўся ў горны рэгіён Андаў – Сьера-дэль-Норд", - прыгадала манахіня. "У Перу мы вымяраем адлегласці часам: каб дабрацца ад дыяцэзіі да гэтых месцаў патрэбныя тры-чатыры гадзіны. Там няма дарог, толькі звілістыя сцежкі", - падкрэсліла яна.

"Ён сапраўдны місіянер, і абраўшы імя Льва XIV, ён выказаў сваю жыццёвую праграму, успомніўшы Льва XIII і энцыкліку “Rerum Novarum”, сацыяльны аспект. Я спадзяюся, што ён працягне лінію Папы Францішка, а значыць, і Евангелля, якое з'яўляецца лініяй усіх Пап, кожнага ў свой час, у свой момант", - пажадала сястра Карына.

Апошняе пажаданне францішканкі складаецца ў тым, каб Пантыфік атрымаў моц малітвы народа Божага і каб ён працаваў дзеля міру: “Нам гэта так трэба. Спадзяюся, што ён працягне паказваць свету, што Бог блізкі, што Бог любіць нас, любіць усіх людзей. Калі Леў XIV сказаў з лоджыі "усіх", мы адразу падумалі пра "Todos, todos, todos" (“Усіх, усіх, усіх”) Папы Францішка". Гэта быў знак пераемнасці на Пасадзе святога Пятра.

10 мая 2025, 12:01