Мексіка: тысячы маладых людзей атрымалі пасланне Францішка
Марыя Валодзіна - Vatican News
Больш за сто тысяч хлопцаў і дзяўчат сабраліся на Плошчы Канстытуцыі ў Мехіка, каб адсвяткаваць жыццё і ўзяць на сябе абавязацельства спрыяць міру і прымірэнню ва ўсім свеце. Нагодай стала мерапрыемства, арганізаванае фондам “Vitae Global”. Асабліва кранальным момантам падчас фестывалю стала трансляцыя відэазвароту Папы Францішка, які ён запісаў спецыяльна для гэтай падзеі ў сярэдзіне 2024 года.
"Я ведаю, што вы сабраліся на Плошчы Канстытуцыі. Вы сабраліся, каб атрымліваць і даваць. Вы там не для таго, каб заставацца ў цішыні, а для таго, каб рабіць шум, нейкі рух, з радасцю, каб атрымаць і перадаць пасланне. Дзякуй за вашу гатоўнасць дзейнічаць. Бо ў свеце ёсць шмат дрэннага, і мы павінны гэта выправіць. Але ёсць таксама і шмат прыгожага, і гэта – вы, што сабраліся там, бо жадаеце чагосьці большага", - сказаў Францішак.
У год, калі Каталіцкі Касцёл адзначае Юбілей надзеі, усе ўдзельнікі фестывалю апранулі белыя хусцінкі – сімвал маладосці і агульнага жадання аднавіць здольнасць да дыялогу дзеля пабудовы больш братэрскага і згуртаванага грамадства.
"Ніколі не забывайцеся пра белую хустку, якую вы бачыце, пра якую вам раскажуць: гэтая белая хусцінка заўсёды з'яўляецца надзеяй усіх грэшнікаў, такіх як мы. Няхай Бог благаславіць вас, няхай Панна Марыя Гвадэлупская ахоўвае вас, і не забывайцеся маліцца за мяне. Дзякуй", - заключыў Папа.