Леў XIV: згадаем з вялікай удзячнасцю пра Папу Францішка
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Мы не можам завяршыць нашу сустрэчу, не згадаўшы з вялікай удзячнасцю дарагога Папу Францішка, які роўна месяц таму вярнуўся ў дом Айца”, - сказаў Пантыфік.
Леў XIV рэгулярна спасылаецца на спадчыну свайго папярэдніка на пасадзе Біскупа Рыма, пачынаючы з прамовы, скіраванай з лоджыі благаслаўленняў Базілікі Святога Пятра перад сваім першым благаслаўленнем “Urbi et Orbi”.
Падчас сустрэчы з кардыналамі пасля заканчэння канклава Святы Айцец абвясціў пра намер працягваць шлях Касцёла ў духу Другога Ватыканскага Сабору і настаўніцтва Францішка, падкрэсліўшы, што яго папярэднік майстэрска абнавіў і актуалізаваў вучэнне Сабору ў апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium”.
Леў XIV таксама часта закранае сацыяльныя тэмы, якія былі блізкія Папу Францішку: глабальныя праблемы сацыяльнай справядлівасці, міру і раззбраення, а таксама неабходнасць пашырэння культуры сустрэчы і дыялогу. Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі хрысціянскіх канфесій і іншых рэлігій Пантыфік адзначыў каштоўнасць умацавання экуменічнага і міжрэлігійнага супрацоўніцтва, дасягнутага пры яго папярэдніку. “Няхай Бог дапаможа нам захаваць яго спадчыну”, - сказаў Святы Айцец.