MAP

Касцёл мае патрэбу ў вас: Папа сустрэўся з усходнімі католікамі

Падчас адной з першых сустрэч свайго пантыфікату Леў XIV заклікаў захоўваць традыцыі Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, падкрэсліваючы іх унікальную духоўную і літургічную спадчыну, асабліва ў кантэксце сучасных выклікаў знаходжання ў дыяспары.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сустрэча з усходнімі католікамі адбылася 14 мая 2025 года ў рамках Юбілею 2025 года. Папа падкрэсліў, што выбар менавіта гэтай аўдыторыі для адной з першых сустрэч свайго пантыфікату не выпадковы.

На аўдыенцыі прысутнічала дэлегацыя беларускіх святароў: грэка-каталіцкую супольнасць Беларусі на Юбілеі прадстаўляе архімандрыт Сяргей Гаек, апостальскі адміністратар для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, а таксама тры святары: айцец Андрэй Абламейка з Мінска, айцец Андрэй Крот з Гродна і айцец Яўген Усошын, канцлер курыі апостальскай адміністратуры.

Вы з'яўляецеся каштоўнымі

"Вы з'яўляецеся каштоўнымі. Гледзячы на вас, я думаю пра разнастайнасць вашых паходжанняў, слаўную гісторыю і жорсткія пакуты, якія перанеслі ці працягваюць пераносіць многія вашыя супольнасці," - сказаў Святы Айцец, цытуючы свайго папярэдніка Папу Францішка, які называў Усходнія Цэрквы захавальнікамі "унікальных духоўных і мудрасных традыцый".

Пантыфік спаслаўся на Папу Льва XIII, які яшчэ ў 1894 годзе прысвяціў спецыяльны дакумент годнасці Усходніх Цэркваў, адзначыўшы, што "справа збаўлення чалавека пачалася на Усходзе".

Асаблівую ўвагу Леў XIV надаў праблеме захавання ўсходніх традыцый у дыяспары. Ён падкрэсліў, што вернікі, якія пакідаюць свае родныя землі з прычыны войнаў, пераследу, нестабільнасці ці беднасці, рызыкуюць страціць не толькі Радзіму, але і рэлігійную ідэнтычнасць.

Захаванне ўсходніх абрадаў больш важнае, чым лічыцца

"Захаванне ўсходніх абрадаў больш важнае, чым лічыцца," - нагадаў Папа, цытуючы свайго папярэдніка Льва XIII, які нават прадпісваў, каб любы місіянер, які схіляе ўсходняга верніка да лацінскага абраду, быў "пазбаўлены свайго служэння".

У сувязі з гэтым Святы Айцец даручыў Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў дапамагчы выпрацаваць прынцыпы, нормы і кіруючыя палажэнні, якія дазволяць лацінскім пастырам канкрэтна падтрымліваць усходніх католікаў у дыяспары.

"Касцёл мае патрэбу ў вас. Які ж вялікі ўклад можа даць нам сёння хрысціянскі Усход!" - падкрэсліў Леў XIV, адзначаючы важнасць аднаўлення пачуцця таямніцы, такога жывога ва ўсходніх літургіях, і вяртання да разумення першынства Бога, значэння міжзаступніцтва, пакаяння і посту.

Святы Пасад гатовы садзейнічаць, каб ворагі сустрэліся і паглядзелі адзін аднаму ў вочы

Асаблівую ўвагу Святы Айцец надаў тэме міру, асабліва ў кантэксце канфліктаў, якія закранаюць шматлікія рэгіёны, дзе жывуць усходнія католікі – ад Святой Зямлі да Украіны, ад Лівана да Сірыі, ад Блізкага Усходу да Тыграя і Каўказа.

"Святы Пасад гатовы садзейнічаць, каб ворагі сустрэліся і паглядзелі адзін аднаму ў вочы, каб народам была вернута надзея і годнасць, якую яны заслугоўваюць – годнасць міру," - заявіў Пантыфік, дадаўшы: "Хрысціянам павінна быць дадзена магчымасць, і не толькі на словах, заставацца на сваіх землях з усімі неабходнымі правамі для бяспечнага існавання".

У заключэнні сваёй прамовы Леў XIV заклікаў Усходнія Цэрквы быць прыкладам веры, надзеі і любові, а пастыраў – спрыяць сапраўднай саборнасці і супрацоўніцтву, асабліва на Сінодах Біскупаў, каб яны сталі месцамі калегіяльнасці і сапраўднай сумеснай адказнасці.

Пасля прамовы, благаслаўлення і прывітання іерархаў, Папа Леў XIV сышоў у Зал Паўла VI, каб асабіста прывітаць вернікаў.
 

14 мая 2025, 10:50