Леў XIV захавае папскую прысутнасць у сацыяльных сетках
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У сацыяльнай сетцы X папскія пасланні будуць публікавацца на акаўнце @Pontifex, які да Льва XIV выкарыстоўвалі Францішак і Бэнэдыкт XVI. Акаўнт мае дзевяць версій на розных мовах – англійскай, іспанскай, партугальскай, італьянскай, французскай, нямецкай, польскай, арабскай і лацінскай. У агульнай колькасці на іх падпісаны каля 52 мільёнаў чалавек.
“Твіты” Папы Францішка ў бліжэйшы час будуць заархіваваныя ў адмысловым раздзеле на афіцыйным сайце Святога Пасаду – www.vatican.va.
Акаўнт Льва XIV у Instagram называецца @Pontifex – MAP Leo XIV і з’яўляецца адзіным афіцыйным акаўнтам Святога Айца, - паведамілі ў Ватыкане. Посты, апублікаваныя на акаўнце @Franciscus, застануцца даступнымі як архіў Ad Memoriam.
Акаўнт @Pontifex у сацыяльнай сетцы Twitter, якая цяпер называецца X, быў створаны 12 снежня 2012 года Бэнэдыктам XVI, а праз некалькі месяцаў перайшоў да Францішка. 19 красавіка 2016 года афіцыйны папскі акаўнт пад назвай @Franciscus быў адкрыты і ў Instagram.