Першы зварот новага Папы: вернасць Сабору і спадчыне Францішка
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Новаабраны Папа Леў XIV правёў першую сустрэчу з кардыналамі пасля свайго абрання, падзякаваўшы ім за падтрымку і супрацоўніцтва ў гэты пераходны перыяд, які ён назваў "пасхальнай падзеяй". Пантыфік падкрэсліў, што прымае сваё прызначэнне з усведамленнем таго, што яно перавышае яго асабістыя сілы, але даверыўшыся Божай дапамозе і падтрымцы Калегіі кардыналаў.
Папа – гэта ўсяго толькі пакорны слуга Бога і братоў
"Папа, пачынаючы ад святога Пятра і да мяне, яго нягоднага Наступніка, з'яўляецца пакорным слугой Бога і братоў, і нічым іншым", - сказаў Леў XIV, адзначаючы прыклад сваіх папярэднікаў, асабліва Папы Францішка з яго стылем поўнай адданасці служэнню і прастаты ў штодзённым жыцці.
Новы Папа асабліва падкрэсліў прыхільнасць да шляху, якім Паўсюдны Касцёл ідзе на працягу дзесяцігоддзяў пасля Другога Ватыканскага Сабора. Ён аддаў даніну павагі Папу Францішку, адзначыўшы яго майстэрскае абнаўленне і актуалізацыю вучэння Сабора ў апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium”.
Будзем разам ісці па шляху Сабора
"Сёння я заклікаю нас разам аднавіць нашу поўную вернасць шляху, якім Паўсюдны Касцёл ідзе ўжо некалькі дзесяцігоддзяў пасля Другога Ватыканскага Сабора", - заявіў Леў XIV.
Пантыфік падкрэсліў некалькі фундаментальных аспектаў гэтага настаўніцтва: вяртанне да першынства Хрыста ў прапаведаванні, місіянерскае навяртанне ўсёй хрысціянскай супольнасці, узрастанне ў калегіяльнасці і сінадальнасці, увага да “sensus fidei”, асабліва ў яго найбольш уласцівых і інклюзіўных формах, такіх як народная пабожнасць, клопат пра апошніх і адкінутых, а таксама мужны і давяральны дыялог з сучасным светам.
Новая сацыяльная рэвалюцыя патрабуе новага адказу Касцёла
Асаблівую ўвагу ў сваім першым звароце новы Папа прысвяціў тлумачэнню выбару свайго папскага імя – Леў XIV. Ён адзначыў, што галоўнай прычынай з'яўляецца спадчына Папы Льва XIII, які ў сваёй гістарычнай энцыкліцы “Rerum Novarum” адказаў на выклікі першай прамысловай рэвалюцыі.
"Сёння Касцёл прапануе ўсім сваю спадчыну сацыяльнай дактрыны, каб адказаць на іншую прамысловую рэвалюцыю і на развіццё штучнага інтэлекту, якія нясуць новыя выклікі для абароны годнасці чалавека, справядлівасці і працы", - падкрэсліў Пантыфік.
Завяршаючы сваё выступленне, Леў XIV працытаваў святога Папу Паўла VI, які ў 1963 годзе на пачатку свайго Пятровага служэння выказаў спадзяванне, каб "над усім светам прайшло вялікае полымя веры і любові, якое запаліць усіх людзей добрай волі, асветліць шляхі ўзаемнага супрацоўніцтва і прыцягне на чалавецтва, зноў і заўсёды, шчодрасць Божага ўпадабання, саму сілу Бога, без дапамогі Якога нішто не мае значэння, нішто не святое".