Папа сустрэўся з "Напалі" і павіншаваў з перамогай у чэмпіянаце
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На спецыяльнай аўдыенцыі 27 мая 2025 года Святы Айцец павіншаваў італьянскіх спартсменаў з яркай перамогай у нацыянальным чэмпіянаце і падкрэсліў, што поспех дасягаецца толькі дзякуючы згуртаванасці і калектыўнай працы. Сапраўдная перамога — гэта не толькі вынік таленту асобных зорак, але плён працы ўсёй каманды, уключаючы трэнерскі і тэхнічны склад, а таксама кіраўніцтва клуба.
"Чэмпіянат выйграе каманда, і калі я кажу 'каманда', маю на ўвазе як гульцоў, так і трэнераў, і ўсю спартыўную супольнасць," - падкрэсліў Папа. Ён таксама звярнуў увагу на грамадскае значэнне поспеху: "Вартасць такога дасягнення выходзіць за межы спорту: гэта прыклад таго, як сумесная праца і талент служаць агульнай справе."
У ходзе сустрэчы Леў XIV выказаў заклапочанасць тым, што, калі спорт пераўтвараецца ў бізнес, ён можа губляць свае выхаваўчыя функцыі. Святы Айцец звярнуўся да бацькоў і спартыўных кіраўнікоў: "Неабходна сачыць за маральнай якасцю спартыўнага вопыту, асабліва калі гаворка ідзе пра моладзь, бо на кону - чалавечы рост маладых людзей". Ён падкрэсліў важнасць асабістай адказнасці ў гэтым пытанні, заўважыўшы: “Думаю, мы разумеем адзін аднаго, і тут няма патрэбы ў лішніх словах”.
Завяршаючы сустрэчу, Леў XIV дадаў з усмешкай: "Віншую вас таксама ад імя спадарыні Розы, якая гэтыя дні гатуе для мяне. Яна з Неапаля і вельмі балее за вашу каманду"
"Няхай Пан благаславіць вас і вашыя сем'і. Шчырыя віншаванні ўсім!" - заключыў свой зварот Святы Айцец.