MAP

Леў XIV узначаліў Ружанец у Ватыканскіх садах

Ісці за Езусам разам з Марыяй заклікаў Папа вернікаў, якія 31 мая 2025 года сабраліся ў Ватыканскіх садах на вячэрняе малітоўнае чуванне з нагоды заканчэння месяца, прысвечанага Найсвяцейшай Панне Марыі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Да малітвы далучыўся Леў XIV, які па завяршэнні Ружанца звярнуўся да прысутных з прамовай. Ён назваў чуванне “жэстам веры”, які аб'ядноўвае вернікаў пад матчынай апекай Марыі. Святы Ружанец – гэта малітва, якая, на думку Яна Паўла ІІ, мае марыйный характар і хрысталагічнае сэрца, бо канцэнтруе ў сабе глыбіню ўсяго евангельскага паслання (Rosarium Virginis Mariae, 16 кастрычніка 2002 года, 1), - сказаў Папа.

Молячыся Ружанец, вернікі як пілігрымы, праходзяць праз ключавыя моманты жыцця Езуса, ад Звеставання ў Назарэце да знаходжання дванаццацігадовага Езуса ў святыні. Падчас малітвы іх суправаджаюць і натхняюць словы Анёла “Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою” (Лк 1:28) і Альжбеты, якая казала: “Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго” (Лк 1:42). Такім чынам, працэсію суправаджае Слова Божае, як некалі ў пустыні яно падтрымлівала і накіроўвала ізраільскі народ, - нагадаў Пантыфік.

Папа заклікаў прысутных разглядаць жыццё як шлях, якім трэба ісці за Езусам разам з Марыяй. “Папросім Пана навучыць нас узносіць Яму хвалу кожны дзень жыццём, мовай, сэрцам і вуснамі, голасам і ўчынкамі (святы Аўгустын, 256-я прамова, 1)”, пазбягаючы разыходжання паміж словамі і дзеяннямі, - заклікаў Леў XIV.

Святы Айцец прывітаў прысутных кардыналаў, біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і ўсіх вернікаў, асабліва падзякаваўшы сёстрам з бэнэдыкцінскага кляштара Mater Ecclesiae за “нябачную і пастаянную” малітоўную падтрымку.

“Няхай радасць гэтага моманту застанецца з намі і ўзрастае ў нашым асабістым і сямейным жыцці, у кожным асяроддзі, асабліва ў жыцці гэтай сям’і, якая тут, у Ватыкане, служыць Паўсюднаму Касцёлу” (Бэнэдыкт XVI, 31 мая 2012 года). Няхай Пан благаслаўляе і заўсёды суправаджае нас, а Марыя заступаецца за нас!” - завяршыў сваю прамову Леў XIV.

31 мая 2025, 21:29