Леў XIV у сацыяльных сетках: сем натхняльных постаў
Марыя Валодзіна - Vatican News
13 мая 2025 года Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла аб тым, што новаабраны Пантыфік вырашыў захаваць актыўную прысутнасць у сацыяльных сетках, такіх як X (былы Twitter) і Instagram. На наступны дзень, 14 мая, на афіцыйных папскіх акаўнтах з’явіліся першыя паведамленні.
У сваім першым посце на платформе X, апублікаваным у 14.30, Леў XIV апублікаваў словы свайго першага звароту да вернікаў, якія ён прамовіў з балкона Базілікі Святога Пятра адразу пасля абрання: “Супакой вам! Гэта першае прывітанне ўваскрослага Хрыста, Добрага пастыра. І я таксама хацеў бы, каб гэта прывітанне супакою ўвайшло ў вашы сэрцы, дасягнула вашых сем’яў, усіх людзей, дзе б яны ні былі, усіх народаў, усёй зямлі”.
У другім твіце Пантыфіка, апублікаваным пасля сустрэчы з усходнімі католікамі, нагадваюцца словы Льва XIII, сказаныя больш за стагоддзе таму, аб тым, што “захаванне ўсходніх абрадаў больш важнае, чым лічыцца”. “Прымем гэты заклік — захоўваць і развіваць хрысціянскі Усход, асабліва ў дыяспары”, - напісаў Леў XIV.
"Духоўнасць хрысціянскага Усходу, старажытная і заўсёды новая, – гаючая. Пачуццё чалавечай слабасці зліваецца ў ёй са здзіўленнем перад Божай міласэрнасцю, такім чынам што нашы слабасці не выклікаюць адчаю, але заклікаюць прыняць ласку”, - напісаў Папа ў трэцім паведамленні.
Наступны твіт Папы Льва XIV сцвярджае: "Колькі гвалту, колькі войнаў у нашым свеце! І над усім гэтым жахам, які павінен выклікаць абурэнне – бо ў імя ваенных заваёў гінуць людзі – гучыць заклік Хрыста, які паўтарае: Супакой вам!"
"Супакой Хрыста – гэта не магільная цішыня пасля завяршэння канфлікту, не вынік дамінавання, а дар, скіраваны да людзей, які вяртае ім жыццё. Молімся за гэты мір, які з’яўляецца прымірэннем, прабачэннем, дае нам мужнасць, каб перагарнуць старонку і пачаць нанова”, - гаворыцца ў пятым паведамленні.
Затым Папа Леў XIV прапанаваў пасярэдніцтва на мірных перамовах: “Святы Пасад гатовы садзейнічаць таму, каб ворагі сустрэліся і паглядзелі адзін аднаму ў вочы, каб народам была вернута надзея і годнасць, якую яны заслугоўваюць – годнасць міру. З адкрытым сэрцам звяртаюся да кіраўнікоў народаў: давайце сустрэнемся, пагаворым, правядзём перамовы!”
У апошнім, сёмым, твіце, апублікаваным 14 мая, Леў XIV напісаў: “Вайна ніколі не з’яўляецца непазбежнай. Зброя можа і павінна змоўкнуць, бо яна не вырашае праблем, а толькі пагаршае іх. У гісторыю ўвойдзе не той, хто жне смерць, а той, хто сее мір. Бо іншыя – гэта не ненавісныя ворагі, а людзі, з якімі трэба размаўляць”.
Рэакцыя інтэрнэт-супольнасці на першыя пасланні Папы была сапраўды ўражлівай. Афіцыйны профіль Льва XIV у Instagram сабраў больш за 12,6 мільёна падпісчыкаў: гэта значыць, што да 10,4 мільёна чытачоў, якія сачылі за Папам Францішкам, далучыліся яшчэ больш за 2 мільёны новых падпісчыкаў.