MAP

Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота  (@Vatican Media)

Леў XIV: свет патрабуе сведчання адзінства хрысціян

Чым больш хрысціяне будуць з’яднанымі, тым больш плённым будзе наша сведчанне пра Хрыста, Валадара супакою, у справе будавання цывілізацыі сустрэчы і любові, - падкрэсліў Леў XIV.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа скіраваў пасланне да ўдзельнікаў памятнага мерапрыемства, якое адбылося 29 мая 2025 года ў швейцарскім Цюрыху з нагоды 500-годдзя анабаптысцкага руху. Ён прывітаў адрасатаў свайго звароту словамі Уваскрослага Хрыста: “Супакой вам!”.

Пантыфік нагадаў, што падчас з’яўлення вучням у той “першы дзень тыдня” Уваскрослы Езус не толькі прайшоў праз сцены і зачыненыя дзверы, але і праз сэрцы сваіх вучняў, ахопленых страхам, перадаючы ім дар супакою.

“Прымаючы супакой Пана і адказваючы на Яго пакліканне, якое ўключае адкрытасць на дары Святога Духа, усе вучні Езуса могуць пагрузіцца ў радыкальную навізну веры і хрысціянскага жыцця. І сапраўды, такое жаданне абнаўлення характарызуе сам анабаптысцкі рух”, - напісаў ён.

“Дэвіз, абраны для вашага святкавання – “Адвага любіць”, – перш за ўсё нагадвае нам пра неабходнасць таго, каб католікі і менаніты прыклалі ўсе намаганні для жыцця паводле запаведзі любові, закліку да хрысціянскага адзінства і абавязку служэння бліжняму”, - сцвердзіў Папа.

Леў XIV адзначыў, што гэты дэвіз таксама падкрэслівае “важнасць сумленнасці і лагоднасці ў разважанні над нашай агульнай гісторыяй, якая ўключае ў сябе балючыя раны і аповеды, што ўплываюць на каталіцка-менаніцкія адносіны і ўзаемнае ўспрыманне аж да сённяшняга дня”.

“Як жа важныя ачышчэнне памяці і сумеснае прачытанне гісторыі, што могуць дазволіць нам вылечыць раны мінулага і будаваць новую будучыню дзякуючы “адвазе любіць””, - заўважыў Святы Айцец, падкрэсліўшы, што менавіта ў такім кантэксце тэалагічны і пастырскі дыялог могуць прынесці плён, які будзе трывалым.

Прызнаючы, што гаворка ідзе пра нялёгкую задачу, Леў XIV нагадаў, што менавіта ў моманты асаблівых выпрабаванняў Хрыстус падкрэсліваў значэнне запаведзі любові і гаварыў пра патрэбу ў адзінстве: “каб усе былі адно… каб свет паверыў”.

“Таму жадаю, каб кожны з нас мог паўтарыць словы святога Аўгусціна: “Уся мая надзея – на вялікую, вялікую міласэрнасць Тваю. Дай тое, што загадваеш, і загадай тое, што хочаш”, - напісаў Святы Айцец.

“Нарэшце, у кантэксце нашага свету, разарванага вайной, наш нястомны шлях аздараўлення і ўмацавання братэрства мае ключавое значэнне, бо чым больш хрысціяне будуць з’яднанымі, тым больш плённым будзе наша сведчанне пра Хрыста, Валадара супакою, у справе будавання цывілізацыі сустрэчы і любові”, - падкрэсліў напрыканцы паслання Пантыфік.
 

29 мая 2025, 18:10