MAP

Леў XIV сустрэўся з прэм’ер-міністрам Аўстраліі

19 мая 2025 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане прэм’ер-міністра Аўстраліі Энтані Албаніза. Абмяркоўваліся пытанні аховы навакольнага асяроддзя, усебаковага развіцця чалавека і свабоды веравызнання.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Як паведаміла Зала Друку Святога Пасада, 19 мая 2025 года Папа Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў ватыканскім Апостальскім палацы Прэм’ер-міністра Аўстраліі Энтані Албаніза. Затым палітык сустрэўся з арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

“Падчас сардэчных перамоў у Дзяржаўным сакратарыяце была выказана цёплая ўдзячнасць за добрыя двухбаковыя адносіны паміж Святым Пасадам і Аўстраліяй, а таксама за ўклад Каталіцкага Касцёла ў служэнне грамадству, асабліва ў сферы адукацыі”, - гаворыцца ў паведамленні.

“Затым адбыўся абмен поглядамі на сацыяльна-палітычную сітуацыю ў краіне. Бакі надалі асаблівую ўвагу пытанням, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, такім як ахова навакольнага асяроддзя, інтэгральнае развіццё чалавека і свабода веравызнання”, - паведаміла Зала Друку.

20 мая 2025, 09:59