Леў XIV сустрэўся з кіраўніком Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы
Марыя Валодзіна - Vatican News
Падчас сустрэчы, якая прайшла ў бібліятэцы Апостальскага палаца, украінскі іерарх падзякаваў Пантыфіку за словы падтрымкі, прамоўленыя ў нядзелю, 11 мая, падчас малітвы "Regina Caeli". Звяртаючыся да вернікаў, якія сабраліся на Плошчы Святога Пятра, Леў XIV нагадаў пра пакуты ўкраінскага народа, заклікаў да “сапраўднага, справядлівага і трывалага міру”, а таксама да вызвалення ўсіх зняволеных і вяртання дадому дзяцей, вывезеных падчас канфлікту.
Як гаворыцца ў паведамленні Сакратарыята УГКЦ, словы Папы сталі “сапраўдным духоўным бальзамам для параненай душы ўкраінскага народа”.
У знак удзячнасці архіепіскап Шаўчук уручыў Льву XIV сімвалічную карціну пад назвай “Малітва-рэквіем”, якая адлюстроўвае пакуты ўкраінскага народа. Аўтар карціны – мастак Багдан Піліпаў, бацька загінулага на вайне ўкраінскага салдата.