Уладарка Неба: першая нядзельная малітва новага Пантыфіка
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У сваім першым нядзельным звароце да вернікаў падчас малітвы "Уладарка Неба" 11 мая 2025 года Папа Леў XIV адзначыў сімвалічнасць таго, што яго першая нядзеля ў якасці Біскупа Рыма прыпала на ўрачыстасць Добрага Пастыра.
Божы дар: першая нядзеля новага Пантыфіка – Нядзеля Добрага Пастыра
"Я лічу Божым дарам тое, што першая нядзеля майго служэння ў якасці Біскупа Рыма – гэта нядзеля Добрага Пастыра, Чацвёртая нядзеля Велікоднага перыяду, калі ў літургіі чытаецца Евангелле паводле Яна з дзясятага раздзела, у якім Езус адкрывае сябе як сапраўдны Пастыр, што ведае і любіць сваіх авечак і аддае за іх сваё жыццё", - сказаў Леў XIV.
Гэты публічны выступ стаў другім значным з'яўленнем новаабранага Пантыфіка перад вернікамі на Плошчы Святога Пятра пасля традыцыйнага благаслаўлення “Urbi et Orbi”, якое ён удзяліў у чацвер увечары 8 мая 2025 года адразу пасля свайго абрання на Пасад Пятра.
Касцёл мае вялікую патрэбу ў святарскіх і манаскіх пакліканнях
Святы Айцец асабліва засяродзіўся на тэме пакліканняў, падкрэсліваючы іх важнасць для Касцёла. "Сёння я маю радасць маліцца з вамі і ўсім Божым народам за пакліканні, асабліва за пакліканні да святарства і манаскага жыцця. Касцёл мае ў іх вялікую патрэбу! І важна, каб хлопцы і дзяўчаты знаходзілі ў нашых супольнасцях прыняцце, увагу, падтрымку на іх шляху распазнання паклікання і маглі абапірацца на сапраўдныя прыклады шчодрага служэння Богу і братам", - падкрэсліў Папа.
Леў XIV заклікаў прыняць запрашэнне Папы Францішка, выказанае ў яго Пасланні на Нядзелю Добрага Пастыра, прымаць і суправаджаць маладых людзей, а таксама прасіў Нябеснага Айца, каб кожны з вернікаў стаў для іншых пастырам "паводле Яго сэрца", здольным дапамагаць адно аднаму крочыць у любові і праўдзе.
На заканчэнне Папа даручыў вернікаў заступніцтву Маці Божай, "жыццё якой было цалкам адказам на пакліканне Пана".
"Regina Coeli, laetare, alleluia" – нечаканы спеў Пантыфіка захапіў вернікаў
Пасля свайго звароту, калі надышоў час для самой марыйнай малітвы, Леў XIV, замест традыцыйнага чытання, раптам зацягнуў старажытны спеў "Regina Coeli, laetare, alleluia" (Уладарка Неба, радуйся, алелюя). Гэты нечаканы жэст выклікаў хвалю захаплення сярод вернікаў, многія з якіх далучыліся да спеву. Такі непасрэдны музычны падыход можа сведчыць аб асабістым стылі новаабранага Пантыфіка.
На Плошчы Святога Пятра сабралася некалькі тысяч вернікаў, сярод якіх шматлікія групы пілігрымаў з розных краін свету, а таксама ўдзельнікі Юбілею Духавых Аркестраў і Фальклорных Калектываў, якія сваімі выступамі, як адзначыў Папа, упрыгожылі Нядзелю Хрыста Добрага Пастыра.