MAP

Папа Леў XIV падчас аўдыенцыі з прадстаўнікамі СМІ ў Зале Паўла VI у Ватыкане Папа Леў XIV падчас аўдыенцыі з прадстаўнікамі СМІ ў Зале Паўла VI у Ватыкане 

"Вызваліць праўду": Леў XIV заступіўся за зняволеных журналістаў

Падчас сваёй першай сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ Леў XIV выказаў удзячнасць журналістам за іх працу і заклікаў да камунікацыі, якая адмаўляе "парадыгму вайны".

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сёння, 12 мая 2025 года, Леў XIV правёў сустрэчу з прадстаўнікамі сусветных медыя, падзякаваўшы ім за працу ў асвятленні нядаўніх падзей у Ватыкане. У сваім выступе Папа асабліва падкрэсліў важнасць адказнай і міралюбівай камунікацыі ў сучасным свеце.

Мір пачынаецца з кожнага з нас

"Мір пачынаецца з кожнага з нас: са спосабу, якім мы глядзім на іншых, слухаем іншых, гаворым пра іншых; і, у гэтым сэнсе, спосаб, якім мы камунікуем, мае фундаментальнае значэнне: мы павінны сказаць "не" вайне слоў і вобразаў, мы павінны адмовіцца ад парадыгмы вайны", - адзначыў Папа.

Святы Айцец выказаў салідарнасць з журналістамі, якія трапілі за краты за пошук праўды і праўдзівае асвятленне падзей, і заклікаў неадкладна іх вызваліць. Леў XIV асабліва адзначыў адвагу тых, хто паказвае свету ваенныя канфлікты, ставячы на шалі ўласнае жыццё.

Аўдыенцыя для прадстаўнікоў СМІ ў Зале Паўла VI
Аўдыенцыя для прадстаўнікоў СМІ ў Зале Паўла VI

Вы расказалі пра прыгажосць любові Хрыста

"Дзякуй, што вы здолелі выйсці за рамкі стэрэатыпаў і агульных месцаў, праз якія мы часта чытаем пра хрысціянскае жыццё і жыццё самога Касцёла. Дзякуй, таму што вы змаглі ўлавіць сутнасць таго, кім мы з'яўляемся, і перадаць яе ўсімі сродкамі ўсяму свету", - звярнуўся Пантыфік да журналістаў.

Ён падзякаваў прадстаўнікам СМІ за іх працу ў асвятленні апошніх тыдняў: абрадаў Вялікага тыдня, смерці Папы Францішка і канклава. "Вы здолелі расказаць пра прыгажосць любові Хрыста, якая яднае нас усіх і робіць нас адзіным народам, які вядзе Добры Пастыр", - падкрэсліў Папа.

Падчас аўдыенцыі для журналістаў
Падчас аўдыенцыі для журналістаў

Раззброіць камунікацыю ад прадузятасці

"Сёння адна з найважнейшых задач – спрыяць камунікацыі, здольнай вывесці нас з "Вавілонскай вежы", у якой мы часам знаходзімся, з блытаніны моў без любові, часта ідэалагічных або прадузятых", - адзначыў Леў XIV.

Папа таксама закрануў тэму штучнага інтэлекту, падкрэсліўшы яго вялікі патэнцыял, які, аднак, патрабуе адказнасці і распазнання для арыентацыі гэтых інструментаў на дабро ўсіх.

На заканчэнне сустрэчы Пантыфік паўтарыў заклік свайго папярэдніка Папы Францішка: "Раззброіць камунікацыю ад усялякай прадузятасці, злосці, фанатызму і нянавісці; ачысціць яе ад агрэсіўнасці. Патрэбна не грымотная, мускулістая камунікацыя, а хутчэй тая, што здольная слухаць, чуць голас слабых, якія не маюць голасу. Раззброіўшы словы, мы дапаможам раззброіць Зямлю".

Пантыфік сярод журналістаў
Пантыфік сярод журналістаў

Пасля сваёй прамовы Леў XIV сышоў са сцэны, каб асабіста сустрэцца з прадстаўнікамі СМІ ў гістарычнай Зале Паўла VI. У цёплай атмасферы Пантыфік не толькі павітаўся і паразмаўляў з прысутнымі журналістамі, але і ахвотна падпісваў кнігі, праяўляючы асаблівую ўвагу да кожнага госця.

 

12 мая 2025, 11:10