Слухаць і будаваць масты: гамілія Льва XIV у крыпце базілікі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святы Айцец падкрэсліў асаблівае значэнне гэтай Нядзелі ў велікодны перыяд, асабліва ў кантэксце пачатку яго папскага служэння. "Няма лепшага прыкладу, чым сам Езус Хрыстус, Якому мы аддаём свае жыцці і ад Якога залежым. Езус Хрыстус, за якім мы ідзём, з'яўляецца Добрым Пастырам, і Ён той, хто дае нам жыццё: шлях, праўда і жыццё," - адзначыў Папа.
Любоў маці - найцудоўнейшы выраз Божай любові
Святы Айцец таксама нагадаў, што нядзеля 11 мая 2025 года мае некалькі адметных рыс: гэта Дзень маці, а таксама дзень, калі асаблівая ўвага надаецца пакліканням. "Адным з найцудоўнейшых выразаў Божай любові з'яўляецца любоў, якую выліваюць маці, асабліва да сваіх дзяцей і ўнукаў," - сказаў ён.
Звяртаючыся да тэмы пакліканняў, Папа адзначыў важнасць супольнага пошуку і заахвочвання моладзі да служэння ў Касцёле: "Падчас нядаўняй працы кардыналаў, да і пасля выбараў новага Папы, мы шмат гаварылі пра пакліканні ў Касцёле. Важна, каб усе мы шукалі разам, перш за ўсё падаючы добры прыклад у нашым жыцці, з радасцю, жывучы радасцю Евангелля".
Смеласць! Без страху! Шмат разоў Езус кажа ў Евангеллі: 'Не бойцеся'
Святы Айцец звярнуўся таксама да першага чытання з Дзеяў Апосталаў, якое апавядае пра тое, як Павел і Барнаба пачалі абвяшчаць Евангелле ўсяму свету. "Гэта таксама прыклад сведчання Добрага Пастыра. Але ў гэтым прыкладзе ёсць і асаблівы заклік да ўсіх нас," - сказаў Папа, заахвочваючы да мужнасці: "Смеласць! Без страху! Шмат разоў Езус кажа ў Евангеллі: 'Не бойцеся'. Трэба быць мужнымі ў сведчанні, якое мы даём словам і асабліва жыццём: аддаючы жыццё, служачы, часам з вялікімі ахвярамі, каб пражываць менавіта гэтую місію".
Мае авечкі слухаюць мой голас. Наколькі важна слухаць!
Асаблівую ўвагу Леў XIV надаў важнасці ўмення слухаць, называючы гэта ключавым элементам для сапраўднага дыялогу. "Наколькі важна слухаць! Езус кажа: 'Мае авечкі слухаюць мой голас'. І я думаю, што важна, каб усе мы ўсё больш і больш вучыліся слухаць, каб уступаць у дыялог. Перш за ўсё з Панам: заўсёды слухаць Слова Божае. Затым таксама слухаць іншых, умець будаваць масты, слухаць, каб не асуджаць, не зачыняць дзверы, думаючы, што мы валодаем усёй праўдай і ніхто іншы не можа нам нічога сказаць".
У заключэнні сваёй гаміліі Папа заклікаў усіх "ісці разам у Касцёле" і прасіць у Бога ласкі, "каб маглі слухаць Яго Слова, каб служыць усяму Яго народу".