Нечаканы жэст Папы пасля аўдыенцыі – ён спусціўся да вернікаў
Агульная аўдыенцыя серады 28 мая 2025 года завяршылася незвычайным жэстам Святога Айца. Пасля традыцыйнага прывітання іерархаў, якія знаходзіліся на плошчы, Пантыфік прыняў неспадзяванае рашэнне.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Леў XIV спусціўся па прыступках, якія аддзялялі яго месца ад першага рада агароджаў, каб яшчэ раз асабіста павітацца з вернікамі. Гэты момант "па-за праграмай" меў месца пасля звыклага аб'езду на папамабілі, які традыцыйна папярэднічае катэхезе.
Нечаканае рашэнне Папы выклікала бурную радасць сярод прысутных. Гэты момант блізкасці паказаў яго жаданне наладзіць яшчэ больш непасрэдны кантакт з пілігрымамі, якія прыбылі ў Рым з розных куткоў свету. Такія спантанныя жэсты ўжо сталі адметнай рысай пантыфікату Льва XIV.
28 мая 2025, 12:06