Папа Леў XIV наведаў курыю Ордэна Святога Аўгустына
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У капліцы курыі Папа ўзначаліў Імшу, падчас якой заклікаў манахаў жыць у адзінстве – так, як гэтага хацеў святы Аўгустын. Затым ён паабедаў са сваімі сабратамі, што звыкся рабіць яшчэ будучы прэфектам Дыкастэрыі па справах біскупаў.
Пантыфік добра ведае курыю аўгустынцаў, бо жыў там на працягу дванаццаці гадоў – з 2001 па 2013 год, калі быў генеральным прыёрам Ордэна Святога Аўгустына.
Курыя знаходзіцца ў некалькіх дзясятках метраў ад Ватыкана. Папа прыбыў туды на цёмным аўтамабілі, і калі чуткі пра ягоны візіт распаўсюдзіліся, ля ўваходнай брамы сабраліся сотні вернікаў і журналістаў. Выязджаючы, Леў XIV памахаў прысутным рукой з вакна аўтамабіля.
Генеральны настаяцель Ордэна Святога Аўгустына, айцец Алехандра Мараль, расказаў ватыканскім СМІ, што Папа, яшчэ будучы кардыналам, амаль штодня прыходзіў у курыю на абед, а цяпер прыбыў, каб падзякаваць сабратам за гасціннасць. Імша і абед прайшлі ў вельмі сямейнай атмасферы, бо Пантыфік знаёмы з усімі, хто служыць у гэтым месцы. Сваіх духоўных братоў ён заклікаў да адзінства.