MAP

Папа дыпламатам: будаваць мір на аснове праўды і справядлівасці

Мір, справядлівасць і праўда – тры каштоўнасці, якія ляжаць у аснове місіі Касцёла і дыпламатыі Апостальскай Сталіцы. Пра гэта заявіў Папа Леў XIV падчас аўдыенцыі да дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

На пачатку сустрэчы з дыпламатамі, якая прайшла 16 мая 2025 года ў Клеменційскай зале Апостальскага палаца ў Ватыкане, Святы Айцец падзякаваў за шматлікія віншаванні з нагоды яго абрання і спачуванні ў сувязі са смерцю Папы Францішка, дасланыя нават з краін, з якімі Апостальская Сталіца не мае дыпламатычных адносін.

Папа падкрэсліў, што ў сваёй дыпламатычнай дзейнасці Касцёл не шукае прывілеяў, а імкнецца служыць чалавецтву, змагаючыся з абыякавасцю, грукаючы да сумлення людзей і адказваючы на выклікі сучаснасці – ад беднасці да штучнага інтэлекту.

Леў XIV назваў прысутнасць дыпламатаў дарам, які дазваляе яму абняць “кожны народ і кожнага жыхара зямлі, які прагне праўды, справядлівасці і міру”. Ён выказаў надзею на асабістыя візіты ў розныя краіны, каб “умацаваць у веры шматлікіх братоў і сясцёр па ўсім свеце і будаваць масты з усімі людзьмі добрай волі”

Мір пачынаецца ў сэрцы

Пантыфік назваў тры ключавыя каштоўнасці, якія складаюць аснову місіі Касцёла і дыпламатыі Апостальскай Сталіцы. Першая з іх – гэта мір, які з’яўляецца не проста адсутнасцю вайны, а першым дарам Хрыста. Папа адзначыў, што гаворка ідзе пра актыўны дар, які патрабуе намаганняў усіх, пачынаючы ад працы над уласным сэрцам. “Мір будуецца ў сэрцы і пачынаючы ад сэрца – праз выкараненне пыхі і крыўды, праз устрыманасць у словах, бо раніць і забіць можна і словам, не толькі зброяй”, - адзначыў ён.

Леў XIV падкрэсліў важнасць міжрэлігійнага дыялогу і павагі да рэлігійнай свабоды для дасягнення міру, а таксама нагадаў, што рэлігійны досвед – гэта “неад’емнае вымярэнне чалавечай асобы, занядбаўшы якое складана, калі не немагчыма, зрабіць ачышчэнне сэрца, неабходнае для будавання мірных адносін”.

Святы Айцец заклікаў адмовіцца ад дэструктыўнага жадання заваяванняў, даць новы імпульс шматбаковай дыпламатыі і спыніць вытворчасць “інструментаў разбурэння і смерці, бо як нагадваў Папа Францішак у сваім апошнім пасланні “Urbi et Orbi”, “мір немагчымы без сапраўднага раззбраення, а імкненне народаў да бяспекі не можа ператварыцца ў агульную гонку ўзбраенняў”.

Справядлівасць – умова міру

Гаворачы пра справядлівасць, Папа заўважыў, што яна з’яўляецца неабходнай умовай міру. Ён заклікаў палітычных лідараў спрыяць справядлівасці праз стварэнне годных працоўных месцаў, будаванне гармоніі і міру ў грамадствах, інвестававанне ў інстытут сям’і, заснаваны на стабільным саюзе мужчыны і жанчыны, адстойванне годнасці кожнага чалавека – незалежна ад яго становішча, нацыянальнасці ці сацыяльнага статусу. У гэтым кантэксце Святы Айцец падкрэсліў, што сам з’яўляецца нашчадкам мігрантаў.

“Кожны з нас, на працягу жыцця, можа аказацца здаровым ці хворым, працуючым ці беспрацоўным, на радзіме ці на чужыне: але наша годнасць заўсёды застаецца нязменнай – гэта годнасць стварэння, пажаданага і любімага Богам”, - дадаў Пантыфік.

Касцёл павінен казаць праўду

Трэцяя каштоўнасць – праўда. “Без праўды немагчыма пабудаваць па-сапраўднаму мірныя адносіны, таксама ў рамках міжнароднай супольнасці. Там, дзе словы набываюць двухсэнсоўнае і неадназначнае адценне, а віртуальны свет з яго змененым успрыманнем рэальнага бескантрольна захоплівае ўладу, цяжка пабудаваць сапраўдныя адносіны, паколькі губляюцца аб’ектыўныя і рэальныя перадумовы камунікацыі”, - сказаў Папа.

Леў XIV падкрэсліў, што “Касцёл ніколі не можа ўхіляцца ад таго, каб казаць праўду пра чалавека і свету, нават прыбягаючы пры неабходнасці да прамой мовы, якая можа выклікаць пэўнае першапачатковае неразуменне”.

Святы Айцец нагадаў, што для хрысціяніна праўда – гэта не абстрактны прынцып, а жывая асоба – Хрыстус, у Якім чалавек можа знайсці натхненне для адказу на сучасныя выклікі: міграцыю, этыку штучнага інтэлекту, клопат пра Зямлю.

На заканчэнне Пантыфік нагадаў, што яго пантыфікат пачынаецца ў Юбілейны год, прысвечаны надзеі. Гэта, паводле яго слоў, магчымасць пакінуць у мінулым спрэчкі і распачаць новы шлях, натхнёны агульным імкненнем да праўды, справядлівасці і міру, асабліва ў рэгіёнах, што церпяць – такіх, як Украіна і Святая Зямля.
 

16 мая 2025, 11:00