Леў XIV маліўся на магіле папярэдніка ў Санта-Марыя-Маджорэ
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа Леў XIV 10 мая 2025 года наведаў базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе памаліўся на магіле свайго папярэдніка, Папы Францішка. Гэты візіт меў прыватны характар і адбыўся пасля таго, як Святы Айцец вярнуўся з Джэнацана.
Уваход Пантыфіка ў храм суправаджаўся музычным выступленнем аркестра, які знаходзіўся на плошчы. Аўтамабільны картэж, які суправаджаў Святога Айца, уехаў у базіліку праз бакавую браму.
Падчас свайго візіту Папа Леў XIV затрымаўся ля скульптуры "Марыя Каралева Міру", якая знаходзіцца ў левым нефе базілікі. Гэтая статуя мае глыбокае гістарычнае значэнне – яна была замоўлена Папам Бэнэдыктам XV у 1918 годзе, каб выпрасіць у Дзевы Марыі спынення Першай сусветнай вайны.
Візіт у Санта-Марыя-Маджорэ стаў завяршальным пунктам пасля паездкі Святога Айца ў Джэнацана, дзе ён наведаў санктуарый Маці Божай Добрай Парады, якім апякуюцца айцы аўгустынцы.