MAP

Малітва "Regina Caeli" на Плошчы Святога Пятра, 25 мая 2025 года Малітва "Regina Caeli" на Плошчы Святога Пятра, 25 мая 2025 года  (@Vatican Media)

Леў XIV: ахопім малітвай усе народы, якія пакутуюць ад вайны

Пасля нядзельнай малітвы "Уладарка Неба", якая прайшла ў Ватыкане 25 мая 2025 года, Леў XIV заклікаў маліцца за кітайскіх католікаў і ўсе народы ў стане вайны, а таксама нагадаў пра беатыфікацыю ксяндза Станіслава Штрайха і дзесяцігоддзе энцыклікі “Laudato si’”.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Дарагія браты і сёстры! Учора ў Познані ў Польшчы быў беатыфікаваны Станіслаў Костка Штрайх – дыяцэзіяльны святар, забіты з нянавісці да веры ў 1938 годзе, таму што яго праца на карысць бедных і працоўных раздражняла прыхільнікаў камуністычнай ідэалогіі. Яго прыклад няхай натхняе святароў на шчырую самаадданасць дзеля Евангелля і братоў”, - сказаў Папа.

Пантыфік таксама нагадаў аб тым, што 24 мая 2025 года, у дзень літургічнага ўспаміну Маці Божай Успамогі хрысціян, адзначаўся Дзень малітвы за Касцёл у Кітаі, заснаваны Папам Бэнэдыктам XVI. У касцёлах і санктуарыях Кітая і па ўсім свеце ўзносіліся малітвы за кітайскіх католікаў і іх еднасць з Паўсюдным Касцёлам. “Няхай заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі даруе ім і нам ласку быць моцнымі і радаснымі сведкамі Евангелля, нават сярод выпрабаванняў, каб заўсёды спрыяць міру і гармоніі”, - заклікаў Леў XIV.

Святы Айцец заахвоціў вернікаў ахапіць малітвай усе народы, якія пакутуюць ад вайны. “Молімся аб мужнасці і вытрываласці для тых, хто ўдзельнічае ў дыялогу і шчырым пошуку міру”, - заклікаў ён.

Леў XIV таксама нагадаў пра дзясятую гадавіну энцыклікі Laudato si’, якую Папа Францішак прысвяціў клопату пра наш агульны дом. Яна атрымала надзвычай шырокае распаўсюджванне, натхніўшы мноства ініцыятыў на карысць Зямлі і бедных. “Вітаю і заахвочваю рух Laudato si’ і ўсіх, хто нястомна працуе ў гэтым кірунку”, - сказаў Папа.

25 мая 2025, 13:18