MAP

Леў XIV Леў XIV  (AFP or licensors)

Леў XIV "узарваў" сацсеткі: бяспрэцэдэнтны ўзровень папулярнасці

Афіцыйныя акаўнты Папы Льва XIV у сацыяльных сетках за першыя 17 гадзін пасля актывацыі сабралі больш за 65 мільёнаў падпісчыкаў, значна перавысіўшы паказчыкі папярэдняга пантыфіката.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Новы пантыфікат пачынаецца з новага рэкорду ў гісторыі Каталіцкага Касцёла. За няпоўныя суткі колькасць падпісчыкаў на афіцыйныя акаўнты Папы Льва XIV у сацыяльных сетках дасягнула ашаламляльных лічбаў: 12,6 мільёна на Інстаграме і больш за 53 мільёна на платформе “X” (былы “Твітэр”) ва ўсіх дзевяці моўных версіях, паведамляе каталіцкае агенцтва “KAI”, якое падрыхтавала дэталёвы аналіз гэтай з'явы.

“Першы рэкорд пантыфіката”

Менавіта так спецыялісты па сацыяльных сетках ахарактарызавалі гэтую падзею, адзначаючы, што Леў XIV ужо пераўзышоў колькасць фаловераў свайго папярэдніка. Паводле аналізу “KAI”, акаўнт Папы Францішка ў Інстаграме, які быў запушчаны ў сакавіку 2016 года, за амаль дзевяць гадоў сабраў каля 10,5 мільёнаў падпісчыкаў, у той час як новы Пантыфік пераўзышоў гэтую лічбу ўжо за першыя гадзіны сваёй прысутнасці ў сацыяльных сетках.

Найбольш папулярнай моўнай версіяй акаўнта Папы на платформе “X” з'яўляецца іспанская з 18,6 мільёнамі падпісчыкаў, за ёй ідзе англійская з 18,5 мільёнамі. Таксама значную аўдыторыю сабралі версіі на італьянскай (5,2 мільёна), партугальскай (5 мільёнаў) і французскай (1,8 мільёна) мовах. Польская і лацінская версіі маюць па мільёну падпісчыкаў, у той час як нямецкая і арабская – 679 тысяч і 558 тысяч адпаведна, як адзначаюць аналітыкі “KAI”.

"Мір вам усім!"

Такімі словамі пачаўся першы допіс Льва XIV у сацыяльных сетках. "Гэта першае прывітанне ўваскрослага Хрыста, Добрага пастыра. І я таксама хацеў бы, каб гэта прывітанне супакою ўвайшло ў вашы сэрцы, дасягнула вашых сем’яў, усіх людзей, дзе б яны ні былі, усіх народаў, усёй зямлі", - напісаў Пантыфік у сваім першым паведамленні на платформе “X”.

Першае фота Папы на Інстаграме, якое паказвае момант яго з'яўлення перад светам пасля выбару, сабрала 1,2 мільёна "лайкаў" і больш за 26 тысяч каментарыяў на розных мовах.

Афіцыйныя каналы Папы ў сацыяльных сетках былі запушчаны 14 мая 2025 года каля 15.00, а прыведзеныя лічбы былі зафіксаваны 15 мая 2025 года да 8.00. Гэта сведчыць пра тое, што пантыфікат Льва XIV будзе актыўна прысутнічаць у медыйнай прасторы, працягваючы традыцыю, пачатую Бэнэдыктам XVI, які першым з Пантыфікаў стварыў афіцыйны акаўнт у “Твітэры” 3 снежня 2012 года.

Вернікі могуць сачыць за навучаннем і рэфлексіямі Льва XIV на двух платформах: “X” (былы “Твітэр”) у акаўнце @Pontifex і ў Інстаграме ў акаўнце @Pontifex, дзе рэгулярна публікуюцца паведамленні і візуальныя матэрыялы, звязаныя з пантыфікатам.

Як падкрэсліваецца ў аналізе KAI, такі імклівы рост аўдыторыі сведчыць пра вялікі інтарэс да новага пантыфіката з боку вернікаў і шырокай грамадскасці ва ўсім свеце.
 

15 мая 2025, 10:29