MAP

Леў XIV: няхай Бог дасць мне ласку верна адказаць на Яго пакліканне

Па традыцыі ў першыя дні свайго служэння на пасадзе Біскупа Рыма Пантыфікі наведваюць папскія базілікі Вечнага горада. Увечары 20 мая 2025 года Леў XIV адправіўся ў Базіліку Святога Паўла па-за Мурамі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Леў XIV увайшоў у святыню ва ўрачыстай працэсіі разам з манахамі-бэнэдыктынцамі, якім яшчэ ў VIII стагоддзі быў давераны клопат пра храм, збудаваны над магілай Апостала народаў, і архіпрэзбітэта базілікі, амерыканскага кардынала Джэймса Майкла Харві.

Накіраваўшыся да апсіды, Папа спачатку ўшанаваў грабніцу святога Паўла, а затым сказаў: “Браты і сёстры, апостал Павел нагадвае нам, што вера нараджаецца са слухання: няхай Святы Дух, дар Уваскрослага, дазволіць нашым сэрцам прыняць Слова, якое евангелізатар народаў скіраваў да хрысціянаў Рыма”.

Пасля быў прачытаны ўрывак з Паслання да Рымлянаў, які Леў XIV пракаментаваў у сваёй гаміліі. Ён заўважыў, што зварот святога Паўла да хрысціянаў Вечнага горада засяроджаны на трох вялікіх тэмах: ласцы, веры і справядлівасці. “Давяраючы заступніцтву Апостала народаў пачатак гэтага пантыфікату, давайце паразважаем над яго пасланнем”, - заахвоціў Папа.

“Святы Павел найперш кажа, што атрымаў ад Бога ласку паклікання. Ён прызнае, што яго сустрэча з Хрыстом і яго служэнне звязаны з любоўю Бога, які апярэдзіў яго, паклікаўшы да новага жыцця, калі ён яшчэ быў далёкі ад Евангелля і пераследаваў Касцёл”, - сказаў Пантыфік, нагадаўшы словы святога Аўгусціна, таксама канвертыта, які сцвярджаў, што “калі нас не палюбілі перш, мы таксама не можам любіць”.

“У каранi кожнага паклікання – Бог: Яго міласэрнасць, Яго дабрыня – шчодрая, як у маці, якая праз уласнае цела корміць сваё дзіця, калі яно яшчэ не здольнае харчавацца самастойна”, - дадаў Папа.

Леў XIV адзначыў, што ў тым самым урыўку Павел, спасылаючыся на свой досвед, гаворыць і пра “паслухмянасць веры”. “Пан, які аб’явіўся яму на дарозе ў Дамаск, не пазбавіў яго свабоды, але даў магчымасць выбару – паслухмянасці, якая была плёнам намаганняў, унутранай і знешняй барацьбы, якую ён пагадзіўся прыняць. Збаўленне не прыходзіць чароўным чынам, але праз таямніцу ласкі і веры, праз Божую любоў, якая апярэджвае, і даверлівую, свабодную згоду з боку чалавека”, - сказаў Пантыфік.

“Дзякуючы Пану за пакліканне, якое перамяніла жыццё Саўла, давайце папросім Яго, каб і мы змаглі адказваць на Яго заклікі такім жа чынам, становячыся сведкамі любові, якая “вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам”. Папросім Яго, каб мы ўмелі ўзрошчваць і пашыраць Яго любоў, становячыся блізкімі адзін да аднаго ў тым спаборніцтве любові, якое, пачаўшыся з сустрэчы з Хрыстом, падштурхнула былога пераследніка стаць “усім для ўсіх” – ажно да мучаніцтва”, - адзначыў Папа.

Леў XIV нагадаў, што Базіліка Святога Паўла па-за Мурамі стагоддзямі даручана апецы бэнэдыктынскай супольнасці. У сувязі з гэтым ён згадаў заклік святога Бэнэдыкта да жыцця ў братэрскай любові і гасціннасці да ўсіх.

“А напрыканцы я хачу нагадаць словы, якія праз больш чым тысячу гадоў сказаў моладзі іншы Бэнэдыкт – Папа Бэнэдыкт XVI: “Дарагія сябры, – казаў ён, – Бог любіць нас. Гэта вялікая праўда нашага жыцця, якая надае сэнс усяму […]. Ля вытокаў нашага існавання – Божы план любові”, а вера вядзе нас да таго, каб “адкрыць сваё сэрца гэтай таямніцы любові і жыць як людзі, што ўсведамляюць сябе любімымі Богам””, - сцвердзіў Святы Айцец.

“У гэтым – просты і адзіны корань кожнай місіі, у тым ліку маёй, як наступніка Пятра і спадкаемца апостальскай руплівасці Паўла. Няхай Пан дасць мне ласку верна адказаць на Яго пакліканне”, - завяршыў гамілію Папа.

Пасля кароткага разважання ў цішыні Пантыфік на каленях памаліўся перад грабніцай апостала Паўла і здзейсніў яе акаджэнне. Напрыканцы цырымоніі ўсе яе ўдзельнікі памаліліся “Ойча наш” і атрымалі апостальскае благаслаўленне Папы.

25 мая 2025 года Леў XIV наведае Базіліку Святога Яна на Латэране, катэдру Рыма, дзе адбудзецца яго ўрачыстая інтранізацыя на Рымскую кафедру. У той жа дзень Святы Айцец наведаe Базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе ўшануе ікону Найсвяцейшай Панны Марыі “Salus Populi Romani”.
 

 

20 мая 2025, 11:20