Святы Айцец: Папы змяняюцца, курыя застаецца
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Гэта наша першая сустрэча, і яна не з’яўляецца момантам для праграмных прамоў, але для мяне – гэта нагода сказаць вам “дзякуй” за служэнне, якое вы выконваеце і якое, так бы мовіць, я атрымліваю ў спадчыну ад маіх папярэднікаў”, - адзначыў Святы Айцец.
“Як вы ведаеце, я прыбыў сюды ўсяго толькі два гады таму, калі дарагі Папа Францішак прызначыў мяне прэфектам Дыкастэрыі па справах біскупаў. Тады я пакінуў дыяцэзію Чыклая ў Пэру і прыехаў працаваць сюды. Якая перамена!”, - дадаў Леў XIV.
“Папы змяняюцца, курыя застаецца”, - сказаў Пантыфік, падкрэсліўшы, што кожная курыя – гэта ўстанова, якая захоўвае і перадае гістарычную памяць Касцёла і служэння яго біскупаў.
“Гэта вельмі важна, бо памяць – істотны элемент жывога арганізма. Яна не толькі звязана з мінулым, але жывіць сучаснасць і вядзе ў будучыню. Без памяці шлях губляецца”, - сцвердзіў Папа, адзначыўшы, што працаваць у Рымскай курыі – значыць спрыяць захаванню жывой памяці Апостальскага Пасаду, каб служэнне Папы магло здзяйсняцца найлепшым чынам.
Другі аспект, на які звярнуў увагу Святы Айцец, – “місіянерскае вымярэнне Рымскай курыі і кожнай установы, звязанай з Пятровым служэннем”, што было падкрэслена ў апостальскай канстытуцыі “Praedicate Evangelium”.
“Як ведаеце, місіянерскі досвед з’яўляецца часткай майго жыцця – і не толькі таму, што я ахрышчаны, як і ўсе мы, хрысціяне, але і таму, што, як законнік-аўгустынец, я быў місіянерам у Перу, і менавіта сярод перуанскага народа саспела маё пастырскае пакліканне. Я ніколі не змагу дастаткова падзякаваць Пану за гэты дар!”, - сказаў Папа.
Святы Айцец паўтарыў словы, якія прамовіў 8 мая 2025 года, адразу пасля свайго абрання: “Мы павінны разам шукаць шлях, як быць місійным Касцёлам – Касцёлам, што будуе масты, дыялог, заўсёды адкрытым на прыняцце […] з распасцёртымі абдымкамі для ўсіх, хто мае патрэбу ў нашай міласэрнасці, нашай прысутнасці, дыялогу і любові”.
Леў XIV заўважыў, што гаворка ідзе пра місію, якую Бог даручыў Пятру і яго наступнікам. “І ўсе вы, кожны па-свойму, спрыяеце гэтай вялікай справе. Кожны ўносіць свой уклад, выконваючы штодзённую працу з адданасцю і таксама з верай, бо вера і малітва – як соль для ежы: яны надаюць смак”, – дадаў ён.
“Такім чынам, калі мы ўсе павінны спрыяць вялікай справе еднасці і любові, давайце намагацца рабіць гэта найперш праз нашы паводзіны ў паўсядзённых сітуацыях, пачынаючы нават з працоўнага асяроддзя. Кожны можа быць будаўніком адзінства праз сваё стаўленне да калегаў, пераадольваючы непазбежныя непаразуменні з цярплівасцю і пакорай, ставячы сябе на месца іншых, пазбягаючы прадузятасцяў – і таксама з добрай доляй гумару, як нас вучыў Папа Францішак”, - закончыў сваю прамову Леў XIV.