Кардынал Тагле: Леў XIV – місіянер і пастыр, здольны слухаць усіх
Vatican News
Кардынал Тагле падкрэсліў, што Леў XIV “валодае глыбокай і цярплівай здольнасцю слухаць”. Перш чым прыняць рашэнне, ён уважліва вывучае пытанне і разважае над ім. Добра падрыхтаваны, але сціплы, “у адносінах з іншымі ён праяўляе спакойнае цяпло, сфармаванае малітвай і місіянерскім досведам”.
Філіпінскі іерарх адзначыў, што канклаў – гэта літургічная падзея, час і прастора малітвы, слухання Божага Слова, натхнення Святога Духа і пакланення Богу, чыя воля павінна быць найвышэйшай. Тое, што канклаў завяршыўся ўжо на другі дзень, “вучыць нас – як і нашы сем’і, парафіі, дыяцэзіі і народы – што еднасць сэрцаў і розумаў магчымая, калі мы сапраўды праслаўляем жывога Бога”, - сказаў ён.
У Сіксцінскай капэле кардынал Тагле сядзеў побач з кардыналам Прэвостам. На сваё абранне Папа адрэагаваў спакойна і з глыбокай пакорай, “чаргаваннем усмешак і глыбокіх уздыхаў”. “Я моўчкі маліўся за яго. У той момант, калі ён атрымаў неабходную колькасць галасоў, прагучалі гучныя апладысменты, як падчас абрання Папы Францішка. Кардыналы выказвалі радасць і ўдзячнасць свайму брату”, - распавёў іерарх, дадаючы, што гэта быў таксама і момант асабістай сустрэчы Хрыста з Наступнікам Пятра, у які астатнія не павінны ўмешвацца.
Прыналежнасць апошніх двух Пап да важных рэлігійных ордэнаў – спачатку езуіт, цяпер аўгустынец – кардынал Тагле патлумачыў тым, што заснавальнікі, святы Ігнацый і святы Аўгустын, мелі шмат агульнага: абодва прайшлі праз жыццёвыя пошукі і неспакой, пакуль не знайшлі суцяшэнне ў Хрысце. Аўгустынская і ігнацыянская духоўныя традыцыі грунтуюцца на агульнай аснове – Божай ласцы і міласэрнасці, якая вызваляе сэрца для любові, служэння і місіі. “Захоўваючы свой аўгустынскі дух, Папа Леў будзе адгукацца на ігнацыянскі дух Папы Францішка. Я лічу, што гэта прынясе карысць усяму Касцёлу і чалавецтву”, - адзначыў іерарх.
На думку кардынала Тагле, мультыкультурны досвед Папы Льва XIV, безумоўна, дапаможа яму ў служэнні і прынясе карысць Касцёлу. Што да Азіі, адкуль родам іерарх, то там людзі любяць Папу незалежна ад краіны яго паходжання. “Яго любяць не толькі католікі, але і іншыя хрысціяне і прадстаўнікі не хрысціянскіх рэлігій”, - удакладніў про-прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі.
Адказваючы на пытанне пра спадчыну Папы Францішка, кардынал асабліва падкрэсліў яго “дар чалавечнасці”, які стаў адметнай рысай пантыфікату. Сваёй простай чалавечнасцю Францішак зрабіў вялікі ўнёсак, не дзеля сваёй славы, а дзеля славы Божай, бо ў Езусе Бог стаў чалавекам, - заключыў кардынал Тагле.