Кардынал Кох: Бэнэдыкт XVI – волат тэалогіі ў дыялогу са светам
Ян Глінскі
Падчас прэзентацыі прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардынал Курт Кох, працытаваў розныя фрагменты выдання, падкрэсліўшы, што Ёзэф Ратцынгер не прымаў канфрантацыі са светам, якая магла б прывесці да адступлення або вяртання ў мінулае. Ён лічыў, што рашэнне заключаецца не ў вяртанні да самай строгай дысцыпліны і “практыкі антымадэрнізму”.
Ратцынгер як тэолаг, кардынал, а пазней і Папа, наадварот, заўсёды падкрэсліваў неабходнасць дыялогу з тымі, хто не верыць. На яго думку, гэта, між іншым, дапамагае пазбегнуць ператварэння веры ў ідэалогію, якая зацямняе той факт, што вера застаецца шляхам і здольная падзяляць цярпенне тых, хто мае сумневы і пытанні.
“Ёзэф Ратцынгер казаў, што веруючы мае ў сабе няверуючага, і наадварот, – адзначыў прэфект, спасылаючыся на змест першай вялікай кнігі Бэнэдыкта XVI “Уводзіны ў хрысціянства”. – Вось чаму дыялог вельмі важны. Найважнейшае – тое, што Бог – гэта таямніца, і таму, калі чалавеку здаецца, што ён зразумеў Бога, ён можа быць упэўнены: тое, што ён зразумеў, – гэта не Бог”.
Кардынал Кох указаў на важнасць дыялогу паміж верай і розумам, падкрэсліўшы, што “вера, пацверджаная рэфлексіяй, заўсёды адкрытая на дыялог, у той час як ідэалогія замкнёная ў сабе”.
У трынаццатым томе “Opera Omnia” змешчаныя таксама разважанні Ратцынгера пра Касцёл будучыні ў секулярызаваных грамадствах. У працытаваным прэфектам фрагменце Папа выказваў надзею, што Касцёл будзе больш свабодным і бяднейшым, не маючы больш гарантый, падтрымкі ўлады або буйных структур.
Кардынал Кох згадаў словы Бэнэдыкта XVI, сказаныя ў Фрайбургу ў 2011 годзе: Касцёл праз страту прывілеяў і ўлады атрымаў знешнюю дапамогу, каб “адрэзаць сябе ад секулярызацыі” (Entweltlichung). Паводле Ратцынгера, Касцёл, вызвалены ад палітычных цяжараў і прывілеяў, можа ў большай паўнаце перажываць сваё пакліканне, якім з’яўляецца служэнне Богу і бліжняму.
“Opera Omnia” Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI – гэта збор усіх твораў, напісаных Папам-тэолагам. Праект уключае 16 тамоў, што змяшчаюць яго філасофскія і тэалагічныя думкі.