MAP

Папа Леў XIV Папа Леў XIV  (ANSA)

Каляндар цэлебрацый з удзелам Льва XIV на чэрвень 2025 года

Святы Пасад апублікаваў каляндар літургічных цырымоній, якія ўзначаліць Папа Леў XIV у чэрвені 2025 года. Сярод іх – шэраг юбілейных урачыстасцяў і Звычайны публічны кансісторый.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Першая цэлебрацыя адбудзецца ў VII Велікодную нядзелю, 1 чэрвеня 2025 года. На Плошчы Святога Пятра Леў XIV узначаліць ранішнюю святую Імшу з нагоды Юбілею сем’яў, дзяцей, бабуль, дзядуляў і пажылых людзей.

На Пяцідзясятніцу, 8 чэрвеня, Папа адслужыць на ватыканскай плошчы святую Імшу з нагоды Юбілею рухаў, асацыяцый і новых супольнасцяў.

На наступны дзень, 9 чэрвеня, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, Леў XIV узначаліць Эўхарыстыю, якая пройдзе ў Базіліцы Святога Пятра ў межах Юбілею Святога Пасада.

На 13 чэрвеня запланаваны Звычайны публічны кансісторый, падчас якога адбудзецца галасаванне па некаторых кананізацыйных справах.

15 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, на Плошчы Святога Пятра адбудзецца святая Імша, прысвечаная Юбілею спартоўцаў.

22 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, Святы Айцец узначаліць Імшу ў Базіліцы Святога Яна на Латэране, якая завершыцца эўхарыстычнай працэсіяй да Базілікі Санта-Марыя-Маджорэ і благаслаўленнем Святога Айца.

27 чэрвеня на Плошчы Святога Пятра адбудзецца літургічная цэлебрацыя ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якая супадзе з Юбілеем святароў.

29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, Папа Леў XIV узначаліць літургію ў ватыканскай базіліцы, падчас якой благаславіць паліі для новых арцыбіскупаў-мітрапалітаў.

Каляндар папскіх цэлебрацый падпісаны арцыбіскупам Дыега Равэлі, майстрам папскіх літургічных цырымоній.

21 мая 2025, 12:15