Абвешчаны каляндар урачыстасцей з удзелам Льва XIV
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сёння, 12 мая 2025 года, Святы Пасад апублікаваў афіцыйны каляндар літургічных цырымоній, якія будуць узначалены Святым Айцом Львом XIV у маі 2025 года. Дакумент падпісаны арцыбіскупам Дыега Равэлі, майстрам папскіх літургічных цырымоній.
Цэнтральная падзея календара – урачыстая Святая Імша з нагоды пачатку Пятрова служэння новага Біскупа Рыма, якая адбудзецца ў нядзелю, 18 мая 2025 года, у 10.00 на Плошчы Святога Пятра. Літургія сімвалізуе афіцыйны пачатак пантыфікату Папы Льва XIV.
У аўторак, 20 мая 2025 года, Пантыфік наведае Базіліку Святога Паўла па-за Мурамі, дзе памоліцца ля магілы Апостала народаў. Візіт запланаваны на 17.00.
Яшчэ адна важная падзея адбудзецца ў наступную нядзелю, 25 мая 2025 года, калі ў 17.00 у Базіліцы Святога Яна на Латэране, якая з'яўляецца катэдрай Рыма, пройдзе ўрачыстая інтранізацыя Папы на Рымскую Кафедру. У той жа дзень, у 19.00, Святы Айцец наведае Базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе ўшануе ікону Найсвяцейшай Панны Марыі “Salus Populi Romani".
Завяршае каляндар урачыстасцей літургія, запланаваная на 31 мая 2025 года, у свята Наведзін Найсвяцейшай Панны Марыі. У гэты дзень у 10.00 у Базіліцы Святога Пятра Леў XIV узначаліць Эўхарыстыю з удзяленнем прэзбітэрскіх пасвячэнняў.