MAP

MAP Leo XIV holds an audience with representatives of the media in Paul VI hall at the Vatican

Дом Прэвостаў быў поўны кніг: у якой сям’і рос Леў XIV?

Усё больш падрабязнасцяў з біяграфіі Льва XIV з’яўляецца ў апошнія дні. Выданне “The New York Times” напісала пра маці Пантыфіка – Мілдрэд Агнэс Марцінэс, якая аказала вялікі ўплыў на яго выхаванне.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Маці будучага Папы нарадзілася ў 1911 годзе ў Чыкага ў сям’і з іспанскімі каранямі. У хатнім асяроддзі, у якім яна расла, панавала атмасфера, прасякнутая верай і каталіцкім выхаваннем: дзве яе сястры сталі манахінямі.

Мілдрэд Марцінэс выйшла замуж за Луі Марыуса Прэвоста, маладзейшага за яе на восем гадоў ветэрана Другой сусветнай вайны і настаўніка. Яны пасяліліся ў Долтане, прадмесці Чыкага, і разам прымалі актыўны ўдзел у жыцці мясцовай парафіі Маці Божай Унебаўзятай.

Бацька будучага Пантыфіка выконваў паслугу катэхета, а маці спявала ў парафіяльным хоры, удзельнічала ў групе ружанцовай малітвы і клапацілася пра практычныя патрэбы парафіі. Паводле сведчанняў, яна мела прыгожы голас і нават запісала ўласную версію “Ave Maria”, якую любіла спяваць.

Пасля заканчэння школы Мілдрэд Марцінэс атрымала ступень бакалаўра ў галіне педагогікі, а затым распачала курс паслядыпломнай адукацыі ў чыкагскім каталіцкім "DePaul University" – такі акадэмічны шлях быў даволі незвычайным для жанчын таго часу.

Мілдрэд брала ўдзел у дзейнасці каталіцкіх свецкіх асацыяцый, у дабрачынных ініцыятывах, была членам жаночага чытальнага клуба і арганізавала бібліятэку пры каталіцкай школе, дзе працавала ў якасці валанцёркі. Невялікі цагляны дом Прэвостаў у Долтане заўсёды быў поўны кніг.

Жанчына марыла стаць настаўніцай, але цалкам прысвяціла сябе выхаванню трох сыноў, якія нарадзіліся на працягу чатырох гадоў. Яна вучыла іх гатаваць ежу, наводзіць парадак у доме, прасаваць адзенне і, галоўнае, дала ім добры прыклад веры.

Біскуп Дэніэл Турлі адзначыў, што Мілдрэд Марцінэс была “адной з тых асобаў, пры сустрэчы з якімі адчуваеш прысутнасць Бога – практычна святая”. Гэта адлюстравалася і на захапленнях яе дзяцей.

Паводле ўспамінаў старэйшага брата Пантыфіка, Джона Прэвоста, Роберт з маленства хацеў стаць святаром і нават “гуляў у Імшу”, выкарыстоўваючы прасавальную дошку замест алтара. Калі ён вырашыў уступіць у Ордэн святога Аўгусціна, з якім быў знаёмы яшчэ са школьных гадоў, бацькі з радасцю прынялі яго рашэнне.

Маці Льва XIV памерла ў 1990 годзе, а бацька – у 1997-м, працягваючы з неба радавацца і заступацца за свайго сына, які 8 мая 2025 года быў абраны Папам.
 

19 мая 2025, 08:29