Былы парафіянін пра Папу: яго любоў мяняла сэрцы і жыцці
Vatican News
“Яго прапаведаванне давала нам адчуванне таго, што Хрыстус сапраўды прысутнічае сярод нас. Ён быў не проста святаром, а сапраўдным пастырам”, - распавёў Давід. Ён з удзячнасцю ўспамінае айца Роберта як лагоднага і ўсмешлівага пастыра, які заахвочваў моладзь удзельнічаць ва ўсіх відах дзейнасці, ад духоўных да забаўляльных. Моладзевая група, якую вельмі актыўна падтрымліваў айцец Роберт, называлася “Маладыя сябры Хрыста”. Гэты перыяд аказаў глыбокі ўплыў на веру і жыццё маладога парафіяніна.
Пастырскі стыль айца Роберта быў простым: адносіны грунтаваліся перш за ўсё на блізкасці, глыбокай малітве, уменні слухаць і весці за сабой. Яго словы былі цвёрдымі, але цёплымі. “Для мяне ён быў настаўнікам, арыенцірам і з часам ператварыўся ў сапраўднана духоўнага сябра", - падзяліўся Давід Каранса.
Моладзь парафіі цягнулася да гэтага аскетычнага і спакойнага аўгустынца. Ён верыў у моладзь, давяраў ёй, даваў магчымасць дзейнічаць, і гэта заахвочвала хлопцаў і дзяўчат браць на сябе адказнасць за справы касцёла. “Ён ставіўся да нас не як да нейкай групы, а як да сэрца жывога Касцёла. Дзякуючы яму многія з нас даведаліся, што значыць жыць у супольнасці, з радасцю сведчыць веру, арганізоўваць рэкалекцыі, евангелізаваць", - падзяліўся ўспамінамі парафіянін.
У моладзевай групе, створанай айцом Робертам, юнак пазнаёміўся з Сінтыяй, якая пазней стала яго жонкай. Іх досвед веры, служэння і малітвы быў настолькі сапраўдным і глыбокім, што яны і сёння працягваюць жыць у веры і выхоўваць дачок на тых каштоўнасцях, якія некалі заклаў у іх пробашч.
Але дзейнасць айца Роберта не абмяжоўвалася толькі моладдзю. Уся парафія дзякуючы яму ператварылася ў гасцінны дом для кожнага, з мноствам пастырскіх груп, актыўнай евангелізацыяй у іншых раёнах горада, ініцыятывамі салідарнасці. "Карацей кажучы, парафія перастала быць проста храмам і ператварылася ў жывую, радасную і актыўную супольнасць. Прыклад айца Прэвоста абудзіў у многіх пакліканне да Касцёла", - дадаў Каранса.
У дзень, калі быў абраны новы Папа, Давід Каранса святкаваў 43-годдзе. Даведацца, што яго былы пробашч стаў Папам было найлепшым падарункам: "Я адчуваў сумесь здзіўлення, падзякі і гонару. Немагчыма было не думаць аб тых днях маладосці, гаміліях, абдымках, ласкавай усмешцы. Я адчуваў, што Святы Дух звярнуў увагу на сапраўднага пастыра. І я быў не адзіным: многія з тых, хто ведаў яго, сабраліся разам, каб памаліцца і падзякаваць. Многія плакалі ад хвалявання. Мы ўсе адчувалі, што частка нашага сэрца цяпер у Рыме”, - падзяліўся парафіянін.
Для той парафіяльнай моладзі, якая даўно вырасла, Леў XIV назаўжды застанецца айцом Робертам, пастырам, які навучыў іх жыць па Евангеллі. Перуанец перакананы, што яго былы пробашч – “не чалавек улады, а чалавек Бога”. “Ён ведае праблемы невялікіх супольнасцяў, ён ведае, што значыць будаваць знізу. Яго пастырскі досвед, яго любоў да моладзі і яго аўгустынскі дух могуць даць надзею Касцёлу, якому трэба вярнуцца да галоўнага", - заключыў Давід Каранса.