Бацька Льва XIV удзельнічаў у высадцы саюзнікаў у Нармандыі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Міністэрства абароны ЗША пасля абрання Папы Льва XVI апублікавала адмысловае паведамленне з інфармацыяй пра яго бацьку, адзначыўшы яго ўклад у падзеі Другой сусветнай вайны.
Луі Марыус Прэвост нарадзіўся 28 ліпеня 1920 года ў Чыкага. Пасля заканчэння каледжа ў лістападзе 1943 года быў прызваны на службу ў ваенна-марскі флот і прызначаны афіцэрам на танкадэсантны карабель. Удзельнічаў у аперацыі па высадцы саюзнікаў у Нармандыі. Падчас вайны Прэвост таксама камандаваў пяхотным дэсантным караблём, які выкарыстоўваўся для высадкі вайскоўцаў на ўзбярэжжа.
Паведамляецца, што ў Нармандыі не было партоў, здольных прыняць вялікую колькасць ваенных матэрыялаў, неабходных для падтрымкі наступальных дзеянняў саюзнікаў. Таму судна, на якім служыў Луі Прэвост, разам з іншымі караблямі было накіравана на поўдзень Францыі, дзе ўдзельнічала ў аперацыі “Драгун”, якая пачалася 15 жніўня 1944 года. Напрыканцы жніўня саюзнікі змаглі захапіць парты ў Марселі і Тулоне, якія неўзабаве пачалі выкарыстоўвацца для выгрузкі боепрыпасаў і тэхнікі.
Бацька Льва XIV правёў за межамі ЗША пятнаццаць месяцаў і да завяршэння вайны ў Еўропе дасягнуў звання малодшага лейтэнанта. Пасля вяртання на радзіму ён працаваў кіраўніком школьнай акругі, дырэктарам пачатковай школы ў Чыкага і катэхетам. 25 студзеня 1949 года ён ажаніўся з Мілдрэд Агнэс Марцінэс, якая працавала бібліятэкаркай. У іх нарадзіліся трое сыноў: Джон Джозэф – педагог на пенсіі, які жыве ў Чыкага; Луі Марцін – ветэран ВМС, які жыве ў Фларыдзе; і Роберт Фрэнсіс, які 8 мая 2025 года быў абраны Папам. Мілдрэд Агнэс Марцінэс памерла 18 чэрвеня 1990 года, а Луі Марыус Прэвост – 8 лістапада 1997 года.