Апошні гуманітарны груз ад Папы Францішка выехаў ва Украіну
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Грузавы аўтамабіль, запоўнены прадуктамі харчавання, адзеннем, сродкамі гігіены, лекамі і іншымі рэчамі першай неабходнасці, выехаў 1 мая 2025 года ад рымскай Базілікі Святой Сафіі.
Загрузіць гуманітарную дапамогу ў фуру прыйшлі шматлікія парафіяне, валанцёры, студэнты Папскага калегіюма святога Язафата, святары і прадстаўнікі ўкраінскай супольнасці Рыма. Пасля гэтага яны сабраліся на супольную малітву за мір ва Украіне, за параненых, абяздоленых і ўсіх, хто знаходзіцца ў зоне баявых дзеянняў.
“Гэта дапамога з’яўляецца не толькі матэрыяльным унёскам, але таксама глыбокім духоўным знакам салідарнасці і любові”, - адзначыў у размове з інфармацыйным агенцтвам “SIR” айцец Марк Яраслаў Семяген, пробашч украінскай грэка-каталіцкай парафіі святой Сафіі.
“Папа Францішак ніколі не пакідаў нас саміх у гэтай гуманітарнай місіі, якая рэалізуецца пры Базіліцы Святой Сафіі”, - дадаў святар, падкрэсліўшы, што парафія рэгулярна атрымлівала гуманітарную дапамогу, якую Пантыфік перадаваў для ўкраінскага насельніцтва праз кардынала Конрада Краўскага, прэфекта Дыкастэрыі па міласэрным служэнні.
“Апошні грузавік, які выехаў учора, быў сто трыццаць першым. Я магу сказаць, што ў кожным з іх была дапамога ад Папы. Мы ўпэўненыя, што з нябёсаў Святы Айцец працягне дапамагаць нам і зробіць яшчэ больш. Але самае вялікае, што Папа Францішак зрабіў для нас – гэта не дазволіў нашай надзеі памерці”, - сказаў айцец Марк Яраслаў Семяген.